23.02.2026
Як у Зэльве Вясну гукалі: бліны, карагоды і масленічныя ўцехі
Шумна, людна і па-сапраўднаму смачна – так сустракалі Масленіцу ў Зэльве. Нягледзячы на снежны дыван, што яшчэ моцна трымаўся на зямлі, на плошчы панавала сапраўднае веснавое абнаўленне. Тых, хто завітаў на свята, чакалі не толькі вясёлыя забавы, але і гара бліноў.
Пачалося свята з традыцыйнага тэатралізаванага дзейства. Пад вясёлую музыку на плошчу выбеглі зазывалы, якія запрасілі землякоў у шырокі карагод: – Эх, прыждалі Масленіцу, сустракаем ластавіцу! Падыходзьце, добры люд, Масленіца тут як тут!
І сапраўды, доўга чакаць сябе не прымусіла. З верхняй пляцоўкі, у атачэнні творчых калектываў з блінамі, пачала спускацца гаспадыня свята – Масленіца. Суправаджалі яе ўрачыстым вынасам кола, упрыгожанага рушнікамі – сімвалам сонца і новага цыклу жыцця. Прайшоўшы праз гэтае кола, Масленіца ступіла да людзей. – Вас вітаю я, людзі добрыя! Я прынесла вам дзянькі вясёлыя. Весяліцеся, калі ласка, рассмяшыце мяне жартамі ды скокамі, – звярнулася да гледачоў Масленіца.
Источник: https://zelwa.by/glavnoe/7938/iak-u-zelve-viasnu-gukali-bliny-karagody-i-maslenicnyia-cexi