07.06.2024
Вучні, якімі ганарымся. Зэльвенскія школьнікі атрымалі стыпендыі абласнога аддзялення Беларускага фонду міру
Што аб’ядноўвае зэльвенскіх 11-класнікаў Вікторыю Дарашкевіч і Максіма Лысенку? Абое сталі намінантамі прэміі «Беларускага фонду міру», і каштоўнасць узнагароды не ў яе наяўнасці, а ў гісторыях, што папярэднічалі стыпендыям.
“Мне цікава ўсё” Так заўсёды кажа таленавітая прадстаўніца гімназіі №1 Віка Дарашкевіч, актыўнасці якой можна пазайздросціць. І з вучобай спраўляецца, і праекты абараняе, і ў дабрачынных мерапрыемствах без яе не абыходзяцца. У сваёй установе адукацыі зарэкамендавала сябе як дапытлівая, усебакова развітая старшакласніца.
На працягу многіх гадоў навучання Вікторыя ўдзельнічае ў алімпіядах раённага і абласнога ўзроўняў. У гэтым навучальным годзе ўдастоена граматы на фінальным этапе рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Акрамя таго, дзяўчына – неаднаразовая пераможца розных спаборніцтваў. Напрыклад, у 2023-м узяла Дыплом І ступені абласнога конкурсу даследчых работ у матэматычнай секцыі “Крыштальная Альфа”. Як ёй гэта ўдаецца? Адказ ляжыць фактычна на паверхні: дзякуючы арыгінальнаму мысленню і доб-рай памяці, нестандартнаму падыходу да вырашэння задач і праблем.
– Гэта ж атрыманне новага вопыту. І штораз як упершыню, – упэўнена наша зямлячка. – Плюсы тут вялікія: мая перамога ў вобласці паводле вынікаў конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект” дала магчымасць удзелу ў ім на рэспубліцы. А там новыя знаёмствы, іншыя сітуацыі. Ведаеце, якое пашырэнне кругагляду…
Паводле меркавання аднакласнікаў, Віка – заўсёды пазітыўная, завадатар многіх мерапрыемстваў у класе, школе. У саставе валанцёрскага атрада “Надзея” нямала ўвагі надае справе міласэрнасці. Таварышы паважаюць яе за тое, што яна спакойна і аргументавана даказвае ўласны пункт гледжання, а настаўнікі – за камунікабельнасць і дапытлівасць.
– Узнагароджанне праходзіла ў Белай зале Жыровіцкай абіцелі – месцы неверагодным, – узгадала Вікторыя. – Непасрэдна перад цырымоніяй для нас арганізавалі экскурсію, ад якой я ў захапленні. Была вельмі шчаслівая, калі на ўрачыстасці аб’явілі маё прозвішча.
Імкнецца да новых ведаў Максім Лысенка здзіўляе сяброў і настаўнікаў СШ №3 творчымі ідэямі. Ён актывіст класа і школы, прызёр раённых конкурсаў, старанны і дысцыплінаваны вучань, аўтарытэтны і проста мэтанакіраваны малады чалавек.
У свой час далучыўся юнак да ініцыятывы, якая развівае мясцовае самакіраванне. Ён з’яўляецца не толькі членам маладзёжнага парламента, але і ўваходзіць у вучнёўскую палату пры раённым Савеце дэпутатаў. Цалкам падтрымліваючы стратэгію і тактыку валанцёрскага атрада “Планета Дабрыні”, ініцыяваў удзел падобных аб’яднанняў Зэльвеншчыны ў дабрачыннай акцыі “Дарога Дабрыні. Дапамога на калёсах!”.
Вучань шмат чытае, цікавіцца рознымі абласцямі ведаў. Даволі сціплы і жыццярадасны хлопец валодае творчымі здольнасцямі, умела арганізоўвае сваю дзейнасць.
Цудоўны дэкламатар, выдатны спявак, герой артыкула ўпэўнены, што праз творчае асэнсаванне рэчаіснасці звычайныя, на першы погляд, людзі напаўняюцца святлом. І сапраўды, часам нават шчырае слова можа даць штуршок для далейшага развіцця асобы. Прыйшоў да гэтай высновы, так сказаць, вопытным шляхам, стаўшы прызёрам раённага конкурсу “У госці да Зошчанкі”, прымеркаванага да 130-годдзя знакамітага рускага пісьменніка.
Дарэчы, сённяшні выпускнік, які з прадметаў школьнай праграмы вылучае матэматыку, фізіку, фізічную культуру і здароўе, паспрабаваў нешта новае і прыняў удзел у турніры па більярдзе. У выніку – першае месца ў раёне.
– Запрашэнне на ўрачыстасць стала нечаканым. Прыемна, што маю дзейнасць заўважылі і ацанілі. Натхніла сама атмасфера свята. Мы адчулі столькі ўвагі з боку лідараў міратворчага аб’яднання! – Максім падзяліўся сваімі ўражаннямі.
У сваю чаргу старшыня Зэльвенскай раённай арганізацыі “Беларускі фонд міру” Вольга Дзмітрыева выказала сваё меркаванне: – Сёлетнія стыпендыяты прэміі, безумоўна, знойдуць прымяненне сваім інтарэсам і здольнасцям у любой сферы. Ёсць у іх устойлівае імкненне да новых ведаў, эксперыментаў, жаданне дабіцца станоўчых вынікаў. І ці не самае галоўнае – вераць у свае сілы. Такім энергічным прадстаўнікам сучаснай моладзі патрэбен толькі пэўны штуршок, каб заявіць пра сябе.
Як бачым, маладыя людзі нямала зрабілі за гэты час. За невялікай перадгісторыяй – важная частка яркага, насычанага і карыснага жыцця. Вікторыя і Максім упэўнены, што іх пачынанні прадоўжацца ў чарговых праектах, акцыях, патрэбных іншым справах. Таму з аптымізмам глядзяць у заўтра.
Любоў ШЭЙКА