29.09.2022
Уладзімір Мазго: «Малая радзіма з’яўляецца для мяне цэнтрам усёй планеты, менавіта тут — пачатак усіх маіх дарог і вытокаў»
Калі проза – невычэрпная велічная рака, то паэзія – бурлівы неўтаймоўны вадаспад з безліччу гуллівых пырскаў-эмоцый. Уладар гэтай стыхіі, глыбакадумны, чуллівы, паэтызуе рэальнасць рыфмай, незвычайнымі вобразамі і дзіўнымі дэталямі, чароўнымі параўнаннямі і вабнай непасрэднасцю. Акурат як паэт, перакладчык, публіцыст, намеснік старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Мазго .
Паэтычнае слова Уладзіміра Мінавіча надзвычай спеўнае, а рыфма – стройная, суладная, таму візіткай справядліва сталі цудоўныя песні, створаныя на яго словы. Сёлета ва Уладзіміра Мінавіча сапраўдны парад юбілеяў, галоўны з якіх – 50 гадоў творчай дзейнасці. Што ў пісьменніцкім багажы? Пра паэтычнасць малой радзімы, якая ўвасобілася ў «Зэльвенскіх сакавінах», пра тое, як фестываль у Маладзечне вызначыў лёс, і іншыя сакрэты майстэрства – у нашай гутарцы Водарам паэзіі і музыкі
— Уладзімір Мінавіч, гэты год для вас поўны знакавых юбілейных дат. Найвялікшая — 50 гадоў творчай дзейнасці: у 1972-м адбыўся паэтычны дэбют у зэльвенскай раённай газеце «Праца». А ў 1973-м вашы вершы надрукавалі часопіс «Бярозка» і газета «Піянер Беларусі». Як вы ступілі на шлях творчасці, як адчулі іскру паэзіі? Чым сілкавалася лірычнасць душы?
— Напэўна, пачну з таго, што нарадзіўся я ў маляўнічым зялёным гарадку Зэльва, што стаіць на беразе ракі Зальвянкі. Мясціны тут надзвычай паэтычныя: бярозавыя гаі, сасновыя бары, лясныя крыніцы і азёры, Зэльвенскае вадасховішча… З маленства любіў чытаць кнігі, блукаць па лесе, слухаць лірычныя песні і калыханкі, што спявала мне мая мама Ганна Рыгораўна. Усё гэта абумовіла ў далейшым лірычнасць маёй душы. З шостага-сёмага класа мае творы пачалі публікавацца ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях, гучаць на радыё і тэлебачанні. Да заканчэння школы мяне надрукавалі таксама часопісы «Маладосць» і «Вожык», штотыднёвік «Літаратура і мастацтва».
— Хутка споўніцца 30 гадоў, як вы былі ўдзельнікам першага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-93». Чым запомніўся гэты фэст?
— Перш за ўсё — адчуваннем сапраўднага свята нацыянальнай культуры. Памятаю, мы з Уладзімірам Карызнам і Алесем Пісьмянковым ішлі пасля канцэрта па начным горадзе і дыхалі, як свежым паветрам, водарам паэзіі і музыкі. А яшчэ на першым фестывалі прагучала пяць маіх песень у выкананні будучых зорак айчыннай эстрады. А «Лістота разлук» («Кружыцца лістота») нават дапамагла Анжаліцы Ют заваяваць першую прэмію на конкурсе маладых выканаўцаў. Такія яркія ўражанні, мабыць, не забываюцца ніколі. Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень для беларускай эстрады, якія гучалі пазней і на міжнародных фестывалях, і на радыё, і на тэлебачанні. Дарэчы, каля трох дзясяткаў гадоў гучаць таксама мае песні «Косы твае» («Святло малітвы») і «Вечарынка», створаныя разам з кампазітарамі Алегам Елісеенкавым і Леанідам Захлеўным. Зэльва, блаславёная Сапегам
— 25 гадоў таму (у 1997-м) у Зэльвенскай сярэдняй школе № 2 адбылася першая творчая сустрэча будучага раённага свята «Зэльвенскія сакавіны». Паэзія і музыка ў вашым жыцці ідуць поруч, да таго ж гуртуюць знаных творцаў. Дзякуючы чаму «Зэльвенскія сакавіны» прайшлі шлях у чвэрць стагоддзя?
— А я і сягоння добра памятаю тую першую творчую сустрэчу ў Зэльве. Разам з загадчыцай школьнай бібліятэкі Янінай Шматко і дырэктарам школы Юрыем Лізуновым мы прынялі рашэнне праводзіць такія вясновыя святы штогадова ў сакавіку-красавіку. Назву «Зэльвенскія сакавіны» знайшлі крыху пазней. З-пад школьнага даху наша свята паступова перабралася на сцэну раённага Дома культуры, дзе праходзіць і сёння. За гэты час зэльвенцы адкрылі для сябе шмат зорных імёнаў гасцей «Сакавін». Тут выступалі многія вядомыя пісьменнікі, кампазітары, спевакі, мастакі, навукоўцы, выдаўцы, грамадскія дзеячы… Свята адлічвае ўжо трэці дзясятак. Але вось што дзіўна: кожная новая сустрэча для мяне хвалюючая і незабыўная, быццам першая. А можа, так і павінна быць? Таму што радзіма для мяне заўсёды была і застанецца крыніцай натхнення. А «Зэльвенскія сакавіны» некалькі гадоў таму атрымалі працяг: у Мінску, у дзіцячай бібліятэцы № 6 імя Васіля Віткі, я праводжу кожнай вясной свята паэзіі і музыкі «Мінскія сакавіны».
— У мінулым годзе ваша родная Зэльва святкавала 300-гадовы юбілей «Ганненскага кірмашу», дзе вам была ўручана Падзяка старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. А раней вы сталі Ганаровым грамадзянінам Зэльвенскага раёна. Наколькі важнай, стваральнай для асобы з’яўляецца сувязь з малой радзімай?
Рэальнасць, прагнаўшы міраж, На змену сумненням прыходзіць: Вяртаецца ў Зэльву кірмаш З далёкіх мінулых стагоддзяў. З шыкоўнай карэты сышоў, На плошчу спяшаецца пехам, Каб лепшы адкрыць з кірмашоў, Што Ганненскім клічуць, Сапега…
У ХVІІІ—ХІХ стагоддзях на маёй малой радзіме адбываўся Ганненскі кірмаш — шырока вядомы ва ўсёй Еўропе. Землякі вырашылі аднавіць гістарычныя традыцыі і адрадзіць свята. Кожны год у канцы жніўня Зэльва кірмашуе, дэманструючы ўсё найлепшае з мінулага і сучаснага.
Я заўсёды з вялікай радасцю прымаю ўдзел у культурнай праграме фестывалю. Гэтае свята дорыць мне асалоду яркіх і незабыўных уражанняў, радасць цікавых сустрэч. Калейдаскоп разгорнутых падзей проста зачароўвае: навуковыя канферэнцыі, паэтычныя гасцёўні, тэатралізаваныя прадстаўленні, займальныя конкурсы, захапляльныя выставы народных майстроў, конныя спаборніцтвы і гістарычныя рэканструкцыі… А галоўнае — на кірмашы пануе атмасфера сапраўднага свята. Яна прысутнічае не толькі ў паветры над Зэльвай, але і ў сэрцах шматлікіх гасцей і гаспадароў. Малая радзіма з’яўляецца для мяне цэнтрам усёй планеты. А як жа іначай, калі менавіта тут — пачатак усіх маіх дарог і вытокаў.
— Вашы праекты паспяхова ўвасабляюцца ў жыццё. Больш за тое, ваша праца і энтузіязм належным чынам ацэнены: у 2018 вы сталі пераможцам рэспубліканскага конкурсу ў намінацыі «Найлепшая песня аб пагранічнай службе». Як удалося скарыць ваенных? У чым увогуле сакрэт поспеху?
— Некалькі гадоў у маёй архіўнай папцы захоўваліся ноты і словы песні «Беларуская граніца», створанай разам з кампазітарам Уладзімірам Буднікам. Можа, гэты праект так і застаўся б нерэалізаваны, калі б я выпадкова не даведаўся, што Дзяржаўны пагранічны камітэт Рэспублікі Беларусь праводзіць творчы конкурс. Вось туды і перадаў клавір. Песня атрымала перамогу ў конкурсе на найлепшы літаратурны, мастацкі і музычны твор, прысвечаны 100-годдзю пагранічнай службы. У гала-канцэрце яе вельмі ўдала выканала вакальная група ансамбля пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь разам з дзіцячым калектывам. Напэўна, патрыятызм і прафесійнае майстэрства скарылі журы. Кожны творца імкнецца разгадаць сакрэты поспеху. Асабіста для мяне гэта шчырасць з чытачом і слухачом. Штурман далёкага плавання
— Акрамя песеннага жанру, вы плённа працуеце для дзіцячай аўдыторыі. Сярод шэрагу твораў вылучаецца паэма-казка «Прыгоды марахода», якая была выдадзена, дарэчы, 20 гадоў таму.
— Зусім нядаўна закончыў працу над яе працягам, які хутка пабачыць свет у выдавецтве «Беларусь» пад назвай «Казкі ката-марахода». Калісьці ў дзяцінстве я марыў стаць штурманам далёкага плавання, ажыццявіць кругасветнае падарожжа. Але перамагла любоў да літаратуры: скончыў не мараходку, а філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Затое мараходам стаў мой літаратурны герой — беларускі кот Васіль, які нічым не саступае ў кемлівасці і вынаходлівасці славутаму барону Мюнхгаўзену. Другая частка казкі распавядае пра незвычайныя прыгоды ката-марахода ў роднай Беларусі.
— Уладзімір Мінавіч, у «ЛіМе» чытачы чакаюць вашы традыцыйныя «Знічкі вечнасці». Як з’явілася ідэя выяўляцца ў жанры нон-фікшн?
— Гэтая гісторыя пачалася з таго, што прафесар БДУ Алесь Бельскі прапанаваў мне напісаць згадкі пра майго былога выкладчыка Алега Лойку для кнігі «Чалавек з сонечнаю ўсмешкай». Я прыгадаў той выпадак, калі рыхтаваў пад кіраўніцтвам Алега Антонавіча сваю дыпломную работу па творчасці Рыгора Барадуліна. У памяці ўсплылі незабыўныя сустрэчы з многімі вядомымі людзьмі. Асобныя пазлы пачалі складвацца ў цэласную карціну. Так я нечакана для самога сябе прыйшоў да жанру нон-фікшн, для якога характэрна пабудова сюжэта выключна на фактах альбо рэальных падзеях. Але «Знічкі вечнасці» вылучаюцца лірычнай афарбоўкай. І ўсё ж любімым жанрам была і — спадзяюся! — будзе дзіцячая літаратура. «У кожным вершы крылы…»
— Як лічыце, чалавек з лірычным успрыманнем існасці бліжэйшы да Бога? Бо паэзія — гэта ж тонкае адчуванне свету, а значыць, цеснае судакрананне з божай задумай? Паэты — пасланнікі Бога?
— Напэўна, адкажу на вашы пытанні сваімі паэтычнымі радкамі:
У кожным вершы крылы ёсць, Што над зямлёй цябе ўздымаюць. І сталасць тут, і маладосць Іспыт аднолькавы трымаюць. Адчуеш дотык лёгкіх крыл Да белых аркушаў аблокаў, Дзе толькі ты і небасхіл Святой паэзіі высокай.
А далей усё даволі проста: калі гэта паэты ад Бога, то яны сапраўды пасланнікі Бога.
— Такім чынам, майстэрства валодання словам — талент або ўсё ж рамяство?
— Хутчэй за ўсё, і тое, і другое. Бо талент павінен пастаянна ўдасканальвацца. Над ім трэба шмат працаваць. «Шматдзетны» бацька
— Якое ў вас было адчуванне, калі трымалі ў руках сваю першую кнігу?
— Калі ў 1982 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыла свет мая першая кніга паэзіі «Пад спеў крыніц», адчуваў сябе самым шчаслівым чалавекам на зямлі. Мне тады было дваццаць тры гады. І з гэтым выданнем мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. Кнігі для аўтара — як яго дзеці. Кожная — любімая і дарагая. Таму адчуваю сябе сягоння шматдзетным бацькам: хутка павінна выйсці мая дваццаць другая кніга «Казкі ката-марахода».
— Але ж сёння кніга мае рызыку стаць забытай і незапатрабаванай з-за панавання тэхналогій…
— Такая рызыка прысутнічала і прысутнічае заўсёды, незалежна ад панавання новых тэхналогій. Але калі кніга цікавая, таленавітая, створаная на высокім мастацкім узроўні, яна абавязкова знойдзе дарогу да свайго чытача. І няважна — папяровая ці электронная гэта версія.
— Ці даводзілася пісаць на заказ? Вам гэта складаней, чым па асабістым жаданні?
— Часам кампазітары прасілі напісаць словы на гатовую музыку альбо выдаўцы замаўлялі зрабіць пераклад паэтычных ці празаічных твораў на беларускую мову. Але для мяне гэта нашмат складаней. Таму што заўсёды адчуваеш у такім выпадку цяжар адказнасці: баішся не апраўдаць спадзяванні паважаных табою людзей. А вось калі пішаш па асабістым жаданні — адчуваеш сябе вольнаю птушкай, перад якой расчынены ўсе абсягі. Аднойчы стаў «юнаком»
— З кім з кампазітараў, калег па пяры ў вас складвалася супрацоўніцтва, сяброўства?
— Ды з большасцю сяброў Саюза пісьменнікаў і Саюза кампазітараў Беларусі. Нашы творчыя дарогі даволі часта перасякаліся на розных тэлевізійных фестывалях і конкурсах, Нацыянальным фестывалі песні і паэзіі ў Маладзечне, міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар» у Віцебску. Шматгадовае сяброўства звязвае мяне з Міхасём Пазняковым і Алегам Елісеенкавым, Валянцінам Семянякам і Алесем Марціновічам, Міколам Чарняўскім і Генадзем Аўласенкам… Многія сустрэчы сапраўды станавіліся лёсавызначальнымі. Калі я служыў у войску, прачытаў у газеце, што ў Мінску створана спецыялізаванае выдавецтва па выпуску літаратуры для дзяцей і моладзі «Юнацтва». Адразу прамільгнула думка: добра было б трапіць пасля службы туды на працу. І вось аднойчы ў Доме літаратара мяне аклікнуў дырэктар «Юнацтва» Валянцін Лукша, які пацікавіўся, ці не хачу я працаваць у выдавецтве, дзе намячаецца вакансія. Так я стаў «юнаком».
— Калі б вам далі магчымасць адматаць час назад, што б вы змянілі ў сваім жыцці?
— Жыццё — гэта наш лёс. І я прымаю яго такім, якое яно ёсць. А ці варта што-небудзь мяняць у ім? Адзінае, што хацеў бы, дык гэта быць больш уважлівым у сваіх адносінах да блізкіх мне людзей. Бацькі ў станаўленні асобы адыгрываюць немалаважную ролю. Бо асоба чалавека пачынае фарміравацца не з вышэйшай навучальнай установы, не са школы і нават не з дзіцячага садка, а менавіта з сям’і. Таму бацькі — нашы надзейныя маякі, на якія мы заўсёды азіраемся ў жыцці.
— Што такое шчасце, на ваш погляд?
— Для чалавека гэта яго здароўе, а таксама здароўе родных і блізкіх. А для пісьменніка — яшчэ і яго творчасць. Бо толькі ў працэсе творчасці бываеш па-сапраўднаму шчаслівы. А яшчэ, як казаў адзін кінагерой, шчасце — гэта калі цябе разумеюць.
«ЛіМ»