16.05.2023
Сяброўства перарасло ў каханне. Сямейная гісторыя Вадзіма і Кацярыны Яскевічаў
Кацярына ніколі не была спакойнай дзяўчынкай: заўсёды ў яе вачах гарэў агеньчык гарэзлівасці. Ды і Вадзім поўнасцю адпавядаў хлапечаму партрэту: займаўся спортам, гуляў у футбол… Яна – заўсёды ў цэнтры ўвагі, ён – трошкі воддаль.
Калі юнак і дзяўчына зразумелі, што паміж імі ўзнікла першае пачуццё, напэўна, адразу і не ўспомняць. Аднак старэйшыя людзі, якія іх акружалі, заўважылі перамены ва ўзаемаадносінах. І, гледзячы на тое, як яны развіваюцца, не ўмешваліся ні словам, ні справай – толькі любаваліся зараджэннем іх кахання, шчыра радаваліся яго трываласці.
Не схіляючыся перад цяжкасцямі (а хто з маладых людзей з імі не сутыкаўся?!), Вадзім і Кацярына прайшлі праз розныя жыццёвыя выпрабаванні і стварылі сям’ю ў аграгарадку Князева. Вучоба, нараджэнне сыночка Данііла, дачушкі Паліны, праца ў філіяле “Князева”, сумеснае з дзецьмі баўленне вольнага часу – усё гэта толькі збліжала і змацоўвала маладую сям’ю Яскевічаў. Займаючыся паўсядзённымі хатнімі клопатамі, працоўнымі абавязкамі, бацькі на першае месца заўсёды ставяць інтарэсы сваіх дзяцей, падтрымліваюць любое іх пачынанне. І дзеці, асабліва трэццякласнік Данііл, з радасцю карыстаюцца падтрымкай бацькоў. Ніводнае спартыўнае сямейнае мерапрыемства ў школе не праходзіць без удзелу мамы хлопчыка. Больш таго, на працягу некалькіх гадоў сям’я Кацярыны і Вадзіма з гонарам прадстаўляе навучальную ўстанову і мясцовую гаспадарку на раённых спаборніцтвах.
Мінулы год быў зорным для Яскевічаў. У раённай спартландыі “Мама, тата, я – спартыўная сям’я” занялі 1-е месца, у абласным этапе рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла-2022” у конкурсе “Сельская спартыўная эстафета” – 1-е месца, а ў конкурсе “Майстар” – 3-е месца. Таму нікога не здзівіла, што з абласнога сямейнага спартыўнага мерапрыемства “Супер сям’я” Яскевічы вярнуліся пераможцамі. Спартыўныя здольнасці бацькоў перадаліся і Даніілу, які займаецца футболам і разам са школьнай камандай абараняе гонар установы на раённых спаборніцтвах.
Кацярына Юр’еўна, як член бацькоўскага камітэта, рэгулярна цікавіцца жыццём класа, удзельнічае з сынам у розных ініцыятывах. Разумеючы, якое значэнне ў жыцці чалавека мае адукацыя, мама трымае пад кантролем вучобу сына, падтрымлівае яго жаданне ўдзельнічаць у дыстанцыйных алімпіядах. Паліна, малодшая ў сям’і, наведвае дзіцячы садок. Аднак і ёй бацькі стараюцца даць не менш увагі, чым сыну. Партрэт Вадзіма Генадзьевіча, як аднаго з лепшых трактарыстаў сельскагаспадарчай вытворчасці філіяла “Князева”, неаднойчы можна было бачыць на Дошцы гонару прадпрыемства.
Летапіс сваёй сям’і нашы героі пішуць самі. За дзесяць гадоў сумеснага жыцця ў Кацярыны і Вадзіма склаліся пэўныя сямейныя традыцыі, якія бацькі стараюцца захоўваць і, думаецца, змогуць перадаць у спадчыну дачцэ і сыну.
Намеснік дырэктара Князеўскай СШ Вольга НАРУШ Класны кіраўнік 3 класа Людміла ЛУДЗІЧ