03.01.2022
Рыбны промысел і Ганненскі кірмаш. Аб эксклюзіўных ініцыятывах расказаў старшыня Зэльвенскага райвыканкама Дзяніс Альшэўскі
Калі коратка вызначыць асаблівасці раёна, яго ў першую чаргу можна назваць сельскагаспадарчым. Таксама ёсць ветрапарк і самы буйны ў Гродзенскай вобласці вадаём, які расцягнуўся ажно на дзевяць кіламетраў. Найбольш вядомы аб’ект — Сынкавіцкая царква-крэпасць, узрост якой — шэсць стагоддзяў. Але ёсць і яшчэ больш старадаўні помнік. Гэта геалагічная марэна, створаная ціскам ледніка 200 тысяч гадоў таму.
Адсутнасць прамысловасці адбіваецца на населенасці: тут пражывае крыху больш за 14 тысяч чалавек — менш, чым ва ўсіх іншых раёнах вобласці. Каб не страчваць пазіцыі, трэба шукаць новыя магчымасці для развіцця. Малады кіраўнік Дзяніс Альшэўскі, які ўзначальвае Зэльвеншчыну тры гады, у гутарцы вызначыў самыя значныя пункты росту.
— Дзяніс Аляксандравіч, якія галоўныя вынікі 2021 года?
— Год для нашага сельскагаспадарчага раёна быў даволі складаным з-за ўмоў надвор’я. Таму не ўдалося захаваць пазіцыі па намалоце збожжа — яго атрымалі крыху менш. І ўсё ж мы ў поўным аб’ёме забяспечылі нашу жывёлагадоўлю, выкананы поўнасцю дзяржзаказ.
Затое парадавала кукуруза. Намалот гэтай культуры склаў каля 30 тысяч тон, што ў тры разы больш за леташні. Гэта рэкорд для раёна. Створаны паўтарагадовы запас кармоў сенажу і сіласу, такога таксама раней не было. Кожная гаспадарка мае пэўны запас, нават можна падумаць аб продажы.
— Чаму так атрымалася?
— Тое, што перашкаджала збожжавым — ліўневыя дажджы — паспрыяла росту траў. Гэта датычыць і кукурузы. Такая ўжо спецыфіка сельскагаспадарчага года — ураджай адной культуры кампенсуе страты іншай. Таму баланс па валавым зборы захаваўся ў межах мінулагодняга.
— Новыя віды сельгаскультур асвойваеце?
— Вопыт паказвае, што выгадна вырошчваць кукурузу на зерне. Будзем на гэта рабіць акцэнт. Сёлета, напрыклад, мы атрымалі 105 цэнт- нераў з гектара. Гэта добры вынік. З бягучага года мы пачалі практыкаваць сяўбу кукурузы са сланечнікам для кармавой базы, на другі год мяркуем вырошчваць сланечнік асобна, каб атрымаць алей, а галоўнае — макуху, якую мы купляем па высокай цане. Кожная гаспадарка будзе мець свой цэх.
— Я ведаю, што ў вас былі планы па рыбным промысле, які мяркуеце развіваць дзякуючы Зэльвенскаму вадасховішчу.
— Тут ёсць цэлая канцэпцыя. Адзін з напрамкаў — развядзенне рэдкіх відаў рыбы. У прыватнасці, залатога карася, вугра, мароны, судака. Навукоўцы Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта вывучаюць такую магчымасць. Цяпер тут водзяцца лешч, шчупак, плотка, акунь. Будзем чысціць рэчышча і запусцім белага амура і таўсталобіка, якія з’яўляюцца яшчэ і санітарамі вадаёмаў. Вядома, трэба рабіць усё асцярожна, каб не нашкодзіць новым відам рыбы.
Таксама ёсць намер задзейнічаць вадаём у турыстычных мэтах. У прыватнасці, стварыць назіральныя водныя пляцоўкі. Арганізаваць базу пракату лодак, катамаранаў, яхтаў, катараў. Спадзяёмся, што ўдасца знайсці гаспадара недабудаванаму санаторыю каля возера, гэта паскорыць турыстычны рух.
— Дзе сёння могуць размясціцца турысты, якія вырашаць адпачыць паблізу возера і хочуць больш камфортныя ўмовы, чым у палатках?
— У гарадскім пасёлку дзве гасцініцы. У нас штогод праходзіць каля дзесяці абласных рэспубліканскіх турніраў па рыбнай лоўлі, прыязджае шмат удзельнікаў. Яны маюць магчымасць размясціцца ў гасцініцах. Дарэчы, вы ведаеце, што ў сталічных рэстаранах нават гатуюць страву «шчупак па-зэльвенскі»? Рыба дастаўляецца менавіта адсюль, кажуць, што яна мае асаблівы смак.
— Сёлета адзначалася 300 гадоў з моманту заснавання знакамітага Ганненскага кірмашу. Як плануеце ў далейшым развіваць дадзеную тэму?
— Ганненскі кірмаш і вадасховішча — пункты росту раёна. Напрыклад, на юбілейным кірмашы пабывала звыш пяці тысяч гасцей. Многія выказалі жаданне прыехаць налета і расказаць аб знакамітым фэсце сваім знаёмым, сябрам. За два дні было прададзена 2,5 тоны шашлыку, што для Зэльвы рэкорд. Упершыню паблізу Зэльвы раскінуўся горад рыцараў, дзе было нямала коннікаў. У гонар адраджэння Ганненскага кірмашу ў цэнтральным скверы ўстаноўлена скульптура каня. Распрацаваны і брэндбук з выявай каня, лагатып Ганненскага кірмашу будзе наносіцца на розную прадукцыю. Таксама ёсць аграсядзіба з магчымасцю катання на брычцы.
— Вы закранулі тэму маленькіх вёсак і тое, што насельніцтва змяншаецца. Зразумела, што трэба вырашаць і праблемы пустых дамоў. Як вы ведзяце такую работу?
— Апошнім часам работа ў гэтым плане актывізавалася. Аб’ёмы сапраўды даволі значныя, хоць знос патрабуе немалых сродкаў. Летась знеслі 130 такіх дамоў, сёлета — больш за сотню. Работу вядуць сельскія Саветы ў супрацоўніцтве з гаспадаркамі. Як правіла, акрамя зносу дома, участак трэба расчысціць ад хмызняку і бур’яну. Потым зямля пераходзіць пад пасяўныя плошчы.
— Ведаю пра ваш эксклюзіў — вясковыя музеі. Вы знайшлі вельмі цікавы спосаб вярнуць жыццё ў пустыя дамы, якія яшчэ нельга лічыць непрыдатнымі…
— Так, такія дамы не абавязкова зносіць, яны добра выглядаюць і могуць яшчэ доўга стаяць. Таму было вырашана стварыць у іх музей сельскага быту. Цяпер такія этнаграфічныя хаты-музеі ёсць у кожным сельскім Савеце Зэльвенскага раёна. Яны адлюстроўваюць асаблівасці тутэйшых вёсак. Трэба сказаць, што жыхары з радасцю адгукнуліся на прапанову: яны прыносілі рэчы, якія сведчылі аб гісторыі іх сем’яў. У такія музеі наведваюцца школьнікі як экскурсіямі, так і паасобку. Прыехаўшы да бабуль у вёску, дзеці абавязкова просяць, каб ім паказалі гэты музей. І многія ганарацца, што іх продкі нечым славіліся, здзейснілі вартыя памяці ўчынкі.
Таксама такія дамы выконваюць ролю клубаў — сюды месцічы могуць прыйсці, правесці нейкае мерапрыемства, пагутарыць, арганізаваць, напрыклад, сустрэчу за шклянкай чаю.
— Прадаць пустыя дамы ўдаецца?
— Пакуль мы толькі спрабуем гэтым займацца, бо перш чым прадаць, трэба прывесці ў парадак участак. Цяпер у нас недзе 100 дамоў, якія перададзены судом сельскім Саветам. Напрыклад, каля Зэльвенскага вадасховішча нямала малых вёсачак, дзе будзем спрабаваць пустыя дамы прадаць. Думаю, што яны будуць карыстацца попытам.
Заняліся добраўпарадкаваннем паркаў. Налета плануем прывесці ў парадак тры паркі. У адным з іх работы будуць весціся за кошт абласнога фонду грамадзянскіх ініцыятыў.
Маргарыта У ШКЕВІЧ
zviazda.by