10.03.2023
Рэспубліканская акцыя «Дзень бяспекі. Увага ўсім!» праходзіць на Зэльвеншчыне
У рамках рэспубліканскай акцыі «Дзень бяспекі. Увага ўсім!» зэльвенскія выратавальнікі правялі шэраг прафілактычных мерапрыемстваў са школьнікамі раёна.
Так, у гімназіі №1 і Князеўскай сярэдняй школе прайшлі прафілактычныя сустрэчы на тэму «Бяспечная эвакуацыя», «Бяспечны вадаём» і «Правілы пажарнай бяспекі ў побыце».
Работнікі МНС нагадалі вучням аб парадку дзеянняў па сігнале «Увага ўсім! », а таксама алгарытм эвакуацыі ў выпадку пажару. У фармаце дыялогу школьнікі абмеркавалі правілы паводзін у гандлёвых кропках, успомнілі аб мерах пажарнай бяспекі ў побыце і правілах паводзін на зімовым вадаёме.
– Вясна ўжо ўступае ў сваю сілу, але на некаторых вадаёмах трымаецца лёд. Памятайце, што менавіта ў такое надвор’е ён вельмі небяспечны , – нагадаў інспектар прапаганды Віталій Жарыч.
Школьнікі з лёгкасцю справіліся з усімі заданнямі і адказалі на пытанні віктарыны. Напрыканцы мерапрыемстваў хлопцам і дзяўчатам уручылі памятныя сувеніры ад МНС.
Зэльвенскі РАНС Фота Дзіяны БЕБЕХ