23.11.2022
Радкі, народжаныя сэрцам. У цэнтры культуры і народнай творчасці адбылася сустрэча з паэтам-земляком Валянцінам Семянякам
Першы лістападаўскі сняжок не здолеў замесці сцежкі аматарам паэзіі, якія спяшаліся на сустрэчу з паэтам-земляком Валянцінам Семянякам у цэнтр культуры і народнай творчасці. Зладзіла сустрэчу Зэльвенская раённая бібліятэка.
Прэлюдыя сустрэчы Найбольш цікаўныя аматары творчасці Семянякі на месца сустрэчы прыйшлі задоўга да яе пачатку. Яны ведалі, што бібліятэкары, як звычайна, падрыхтуюць выставу, якая дазволіць пазнаёміцца намнога паўней з бібліяграфіяй паэта. І гэта зробіць цябе не проста слухачом, а актыўным удзельнікам мерапрыемства. І сапраўды, на выставе было практычна ўсё напісанае і надрукаванае да сённяшняга дня. Асабліва зацікавіліся зэльвенцы кнігамі, бо з публікацыямі ў часопісах “Полымя”, “Нёман”, штотыднёвіку “ЛіМ”, “Настаўніцкай газеце”, тым болей – “Працы” – былі знаёмы і раней. А вось альманах гарадзенцаў гэтага года “На Нёманскай хвалі” ды падарунак творцам да Дня пісьменства “Лучнасць сэрцаў і душ” убачылі ўпершыню. І гэта не дзіўна! Як выявілася падчас сустрэчы, сам Валянцін Міхайлавіч не так даўно пазнаёміўся з названымі зборнікамі. Нават не ведаў, што яго вершы трапілі ў “Лучнасць”, бо атрымаў яго ў Добрушы ў дзень адкрыцця свята.
Двухмоўная паэзія Знаёмства з творчасцю Валянціна Семянякі пачалося з верша, які даў назву імпрэзе: “Нам трэба некалі вяртацца”. І чыталі яго не толькі вядучыя Вольга Камякевіч і Аксана Шышлоўская, а радок за радком перадавалі як эстафету ў залу. І атрымалася вельмі хораша і эфектна! Нагадаўшы асноўныя вехі біяграфіі В.М.Семянякі – настаўніка, кіраўніка, дэпутата Парламента, вядучыя паведамілі і пра поспехі Семянякі-паэта. У 2016 годзе наш зямляк быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, а сёлета стаў членам Прэзідыума і Праўлення СПБ. Добры ўзлёт! І пачаўся ён на зэльвенскай зямлі з першага зборніка паэзіі, падрыхтаванага раённай бібліятэкай у 2007 годзе. Пасля персанальнага зборніка “На скрыжаванні” вершы паэта з’явіліся ў калектыўным – “Зорах над Зальвянкай”, выдадзеных у 2008 годзе. А ў 2013-м – зноў персанальны зборнік – “Зорка залатая”, які прэзентаваўся не толькі ў Зэльве, але і ў Гродна. Тэматыка творчасці Семянякі самая розная. Радзіма, прырода, жанчына, каханне, любоў, прызванне… Як адзначыў сам паэт, хоць і пачаў пісаць яшчэ вучнем Цяглевіцкай СШ, друкавацца не спяшаўся. І толькі дзякуючы кіраўніку літаб’яднання “Зоры над Зальвянкай” Пятру Мікалаевічу Марціноўскаму адважыўся на дэбют у “Працы”. І да просьбы бібліятэкараў сабраць лепшае ў зборнік прыслухаўся, бо з’явілася шмат добрых водгукаў на яго вершы. Вельмі ўдзячны Валянцін Міхайлавіч і Уладзіміру Мінавічу Мазго, які, як і Марціноўскі, падштурхоўваў земляка да творчасці. Пазнаёміўшыся з вершамі Семянякі, прафесійны паэт Мазго пісаў: “У іх (вершах) адчуваецца дыханне Паэзіі. Шчыра раю Вам працягваць паэтычную практыку, якая ўжо яскрава засведчыла, што і фізікі бываюць лірыкамі”.
У многім дзякуючы настойлівасці Уладзіміра Мазго былі сабраны і адрэдагаваны вершы для зборніка “Зорка залатая”. А ўдзячнасць тым, хто падтрымлівае, радзіць, натхняе, выліваецца ў вершах. Гісторыю стварэння некаторых з іх варта паслухаць і тым, хто не змог прысутнічаць на вечарыне. Напрыклад, пра верш “Лёс”, прысвечаны знаёмаму не толькі зэльвенцам чалавеку – настаяцелю Сынковіцкага храма Арсенію Ананка. У маладосці айцец Арсеній служыў у паветрана-дэсантных войсках. І аднойчы парашут не раскрыўся. У апошні момант выратаваў запасны. Але якім складаным і цяжкім было вяртанне да жыцця скалечаных цела і душы! Праз крык і нясцерпны боль, праз пакуты і расчараванні… Ананка не толькі сам здолеў падняцца, але і дапамог гэта зрабіць сотням людзей. І аўтар заключае: Узвысіцца той, хто падаў, Калі ён падняцца змог. Адзін з вершаў духоўнай тэматыкі – “У Сынковічы, у храм” – змешчаны ў новай кнізе пра гордасць зэльвенскай зямлі. Яна так і называецца: “Сынковічы. Вернасць і вера” (мы пра яе ўжо пісалі крыху раней). Гэты верш чытала Вольга Ляскевіч, а выява кнігі і верша, як і ўсё астатняе, пра што ішла размова на сустрэчы, дэманстравалася на медыяэкране.
Калі прагучаў верш “У чым чалавечае шчасце?”, шчодра дапоўнены малюнкамі на экране, узнікла тэма для дыскусіі. А Валянцін Міхайлавіч яшчэ і справакаваў яе выразам з аднаго верша: “Вершы абы да каго не прыходзяць”. Развіваючы думку, гаварыў: “Творчасць, вядома, адна са складнікаў шчасця, бо ты не можаш не пісаць, калі даў табе Бог унутранае пачуццё мовы, рытмікі, магчымасць раскрыць у Слове свой унутраны свет, зразумець яго ў іншым чалавеку”. Не абышоў увагай госць і тэму кахання. “Здаецца, і сказана пра яго многімі і многа, але ўсё роўна тэма хвалюе кожнага з нас. Маладога і сталага. У беларускай мове два словы пра мілаванне: любоў і каханне. І яны ў вопытных руках паэта знаходзяць цудоўнае выражэнне”. Што гэта так, пацвярджаюць і вершы Семянякі гэтай тэматыкі: “Я помню тебя беззаботной и юной”, “Есть женщины”, “Чужая воля”, “Предчувствие”, “Твои глаза”, “Женская мечта”, “Прощение”, “Давай с тобой уедем в ночь”, “Пускай тебя хранит моя любовь”…
Шмат у Семянякі добрага, можна сказаць, лячэбнага гумару. И не толькі ў яўна жартоўных (“Бабнік”, “Янкава крыўда”, “Сенсацыя”), але і ў самых, здаецца, сур’ёзных творах кшталту роздуму сталага чалавека над праблемамі свайго ўзросту. Ну вось “праглядзеў” чалавек сваю восень жыцця. На каго крыўдаваць? Лепш усміхнуцца. Заказ ці абавязак сэрца? Выдатна валодаючы дзвюма дзяржаўнымі мовамі, Валянцін Міхайлавіч прымаў удзел у Міжнародным конкурсе паэзіі і паэтычных перакладаў “Берега дружбы” і быў адзначаны як адзін з лепшых перакладчыкаў з рускай мовы на беларускую, а яго пераклады ўвайшлі ў трохтомнае выданне “Силой общей любви – Беларусь, Россия: финалисты и наставники”. “Прыступаў я да перакладу як бы па заказу: папрасіла намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах (зэльвенцы павінны памятаць яе як госцю Зэльвенскіх Сакавін) перакласці творы члена СП Расіі Уладзіміра Раманава, – адказаў на пытанне з залы пра перакладчыцкую дзейнасць Валянцін Міхайлавіч. – Але, паверце, калі ты не ўспрыняў вершы сваім сэрцам, калі не перажыў тое, пра што пісаў на іншай мове паэт, нічога добрага не атрымаецца. Здаецца, ты не мог інакш перакласці нейкае словазлучэнне, каб і рытміку захаваць, і блізка да тэксту пераўвасобіць, а аўтар незадаволены. І не толькі аўтар, ты сам шукаеш лепшых адпаведнікаў. Так што нялёгкі перакладчыцкі хлеб”.
І не толькі сам Валянцін Міхайлавіч спрабуе сілы ў перакладзе – яго творы таксама зацікавілі іншамоўных літаратараў. У 2019-м годзе ў Кракаве выйшла кніга “Масты: Анталогія”, у якую ўключылі творы паэтаў Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі і Беларусі ў перакладзе на польскую мову. Некалькі вершаў Валянціна Семянякі перастварыў на польскую мову Аляксандр Наўроцкі, якому наш зямляк вельмі ўдзячны. Спадзяёмся, што практыка двухбаковых перакладаў абавязкова прадоўжыцца. І супрацоўніцтва нашага раёна з суседнімі рэгіёнамі будзе гэтаму садзейнічаць. Землякі-канкурэнты? На творчай сустрэчы гучала нямала песень, створаных рознымі людзьмі на словы Валянціна Семянякі. Пакуль што музыкамі-землякамі. Іван Матах прадставіў песню “Мечта”, Ірына Шабалоўская – “Ночь в городе”, Таццяна Праскурская – “Песні Зэльвеншчыны” Аляксандра Сямёнчыка. Але ёсць надзея, што хутка з’явяцца запісы песень, створаных і прафесійнымі кампазітарамі, і прафесійнымі выканаўцамі. Першыя ластаўкі ўжо ёсць: Валянцін Міхайлавіч прывёз запіс дзвюх сваіх песень, створаных кампазітарам Леанідам Шурманам і студэнтамі Гродзенскага музычнага каледжа. “У нас з Леанідам Шурманам створана ўжо не менш 20-ці песень, – сказаў Валянцін Міхайлавіч, – але яны пакуль не гучаць у эфіры ці на тэлебачанні. Зрабіць прафесійныя запісы – справа нялёгкая. І сродкаў патрабуе, і часу”. Думаецца, што прычына ўсё ж у часе, дакладней, у адсутнасці вольнага часу ў дзяржаўнага чалавека. Нават гэтая сустрэча з землякамі адкладвалася некалькі разоў з-за тэрміновых камандзіровак парламентарыя…
Але ж усё пачынаецца з малога. Так калісьці пачыналася песенная кар’ера Уладзіміра Мазго. Знойдзецца добры выканаўца і песень Семянякі! І, хто ведае, Мазго і Семяняка могуць стаць канкурэнтамі ў гэтай справе. Чаму і не? І, напэўна, добразычлівы Уладзімір Мінавіч не толькі не пакрыўдзіцца, але і першы парадуецца за земляка. А пакуль парадуемся, што вершы-песні Семянякі актыўна рэкламуюць яго землякі. Вось і група Тамары Кісель з цэнтра культуры і народнай творчасці вязе яго песні ў аграгарадкі і аддаленыя вёскі раёна. Выканаўцу песень Анатолю Верстаку, старэйшаму артысту групы, аўтар падарыў сваю кнігу “Зорка залатая” (як, дарэчы, і галоўнаму арганізатару вечарыны, дырэктару бібліятэкі Святлане Жамойцінай). Вядучыя і прысутныя падзякавалі земляку за атрыманую радасць ад сустрэчы з чалавекалюбнай паэзіяй, адпачылі душой і сэрцам. Расчулены цёплай сустрэчай, Валянцін Міхайлавіч прызнаўся: “Ведаеце, я так не хвалююся, выступаючы ў міжнародных аўдыторыях, як перад вамі. Вялікі дзякуй усім! Буду рады, калі нават той, хто заглянуў сюды выпадкова, не будзе расчараваны”. Яніна ШМАТКО