16.02.2020
Працоўны кодэкс па-новаму. Што важна ведаць?
Семінар па пытаннях змяненняў у працоўным заканадаўстве
адбыўся на базе СШ №3 г. п. Зэльва. Былі запрошаны кіраўнікі ўстаноў адукацыі,
старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый і адказныя за кадравае справаводства.
У працы семінара прынялі ўдзел галоўны прававы інспектар
працы Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля
Грэцкая, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай
абароне райвыканкама Наталля Каваленя, начальнік аддзела пенсій і дапамог
упраўлення Таццяна Чаргейка і старшыня раённага аб'яднання арганізацый
прафсаюзаў Ірына Пузач.
Адкрыла СЕМІНАР Таццяна Уладзіміраўна. У сваім дакладзе
яна закранула пытанні прызначэння пенсій у 2020 годзе, а таксама змяненне
падыходу да прадастаўлення датэрміновай пенсіі з бягучага года згодна з Указам
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2020 г. № 15.
- Указ Прэзідэнта ўносіць наступныя змены: работнікі,
якія адпрацавалі да 1 студзеня 2009 г. не менш за палову патрабаванага
льготнага стажу, будуць мець права на прызначэнне датэрміновай ільготнай пенсіі
ў агульнай пенсійнай сістэме наўзамен датэрміновай прафесійнай пенсіі ў сістэме
прафесійнага пенсійнага страхавання, – патлумачыла Таццяна Чаргейка.
Падрабязна асвятліла змены і дапаўненні ў Працоўным
кодэксе Наталля Грэцкая. Папраўкі ў артыкулах былі разгледжаны ў фармаце
дыялогу з прысутнымі.
– Галоўны дакумент у сферы працоўных адносін не мяняўся
даўно. Думкі міністэрстваў і ведамстваў, якія працавалі над ім, часта не
супадалі. Асаблівы ўклад у ўнесла змены заканадаўства Федэрацыя прафсаюзаў
Беларусі, упершыню прымала ўдзел у распрацоўцы новага праекта Працоўнага
кодэкса. Як вынік, больш за 40 прапаноў па змяненні парадку 30 артыкулаў – патлумачыла
Наталля Валер'еўна. - З Новага года скароціцца колькасць кароткатэрміновых
кантрактаў. Цяпер пры заканчэнні тэрміну дзеяння кантракту наймальнік абавязаны
падоўжыць яго да максімальнага тэрміну дзеяння (5 гадоў) альбо заключыць новы
на тэрмін не менш 3 гадоў. Важная агаворка: работнік павінен працаваць
добрасумленна і не мець дысцыплінарных спагнанняў.
Новая норма з'явілася ў раздзеле матэрыяльнай адказнасці
работнікаў. Прафсаюзы змаглі дамагчыся абмежаванняў. Прычыненую наймальніку
шкоду работнік абавязаны пакрыць, але на яго не распаўсюджваецца штраф,
накладзены на ўстанову як юрыдычная асоба.
Наталля Грэцкая адзначыла, што ў Працоўным кодэксе
адрэгуляваны алгарытм часовага пераводу работніка як унутры арганізацыі, так і
да іншага наймальніка, і патлумачыла новы механізм.
- Цяпер у заканадаўстве прапісана: наймальнік мае права
перавесці работніка (з яго згоды) на вакантнае месца, вызваліўшы ад ранейшай
працы на тэрмін да паўгода. Пры гэтым гарантуюцца вяртанне на ранейшае месца і
захаванасць узроўню даходаў. Абрэвіятуры "и. о" і "врио"
пры перакладзе ўжо не выкарыстоўваюцца. Да прыкладу, у службовай інструкцыі
намесніка дырэктара школы варта прапісаць, хто замяшчае яго ў сувязі з
адсутнасцю. Тады падпісваць дакументы намеснік будзе згодна з яго службовым
абавязкам.
Пры пераводзе работніка ў іншую арганізацыю наймальнікі
павінны заключаць паміж сабой грамадзянска-прававую дамову. Як вынік-работнік
застаецца ў працоўных адносінах з ранейшым кіраўніком, але будзе абавязаны
выконваць правілы ўнутранага працоўнага распарадку, прынятыя на новым месцы.
Што тычыцца бацькоў, цяпер ім гарантавана права на
сацыяльны водпуск у сувязі з нараджэннем дзіцяці. У Працоўным кодэксе
прапісана, што мужчыны могуць узяць 2 тыдні выходных у любы момант, пакуль
нованароджанаму не споўніцца паўгода, і наймальнік павінен задаволіць заяву
бацькі.
- Новае працоўнае заканадаўства таксама дазваляе
наймальнікам адпраўляць у камандзіроўкі і прыцягваць да звышурочнай працы
супрацоўніц (з іх згоды), якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў – -
праінфармавала Наталля Валер'еўна. - Новаўвядзенні закранулі і паняцці
"самотны бацька". З гэтага часу правы, якімі раней былі надзелены
толькі жанчыны, распаўсюджваюцца і на мужчын. У прыватнасці, з адзінокім
бацькам дзіцяці да 14 гадоў нельга спыняць працоўныя адносіны па прычыне
скарачэння штата або адсутнасці на працы звыш 4 месяцаў з-за хваробы.
Многія новаўвядзенні выклікалі пытанні з боку слухачоў
семінара. Галоўны прававы інспектар працы Гродзенскага абкама прафсаюза
работнікаў адукацыі і навукі дала падрабязныя адказы.