15.02.2020
Мітынг, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў прайшоў на Зэльвеншчыне
Сёння на Зэльвеншчыне пачаліся ўрачыстыя мерапрыемствы,
прысвечаныя 31-ай гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана і Дню памяці
воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Урачысты мітынг адбыўся на комплексе баявой славы ў
Зэльве. Ушанаваць памяць сабраліся прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, арганізацый
і ўстаноў, грамадскіх аб'яднанняў, школьнікі і, вядома, самі
воіны-інтэрнацыяналісты.
-15 лютага-асаблівы дзень для тых, хто ваяваў у
Афганістане. Гэтая жорсткая вайна забрала жыццё дваіх нашых землякоў-Уладзіміра
Ляха і Міхаіла Бабіла. Сімвалічна, што адзначаючы 31-ую гадавіну вываду войскаў
з Афганістана, на тэрыторыі нашага раёна пражывае 31 воін-інтэрнацыяналіст – адзначыў
старшыня раённага Савета дэпутатаў Вадзім Панасік. - Мы шануем і памятаем нашых
суайчыннікаў, гераізм і добрасумленнае выкананне доўгу-чалавечага, воінскага.
Паважаныя землякі, мы ўдзячныя за вашу актыўную жыццёвую пазіцыю, удзел у
патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Моцнага здароўя, дабрабыту,
супакою ў вашых сэрцах і дамах, а таксама ў нашай краіне.
Да прысутных звярнуўся і настаяцель Храма Святой
Жываначальнай Троіцы г. п. Зэльва пратаіерэй Георгій Субаткоўскі.
Па традыцыі воіны-інтэрнацыяналісты ўручылі Зэльвенскім
школьнікам, якія ўступаюць у шэрагі БДСМ, членскія білеты.
Памяць загінуўшых воінаў ўшанавалі хвілінай маўчання і
ўскладаннем кветак да памятнага знаку.
Таксама ўдзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да магілы
Уладзіміра Ляха ў вёсцы Рудзевічы. Затым прысутныя і воіны-інтэрнацыяналісты
адправіліся ў Міжэрыцкі дзіцячы сад-базавую школу. Там іх чакала тэматычнае
мерапрыемства, а таксама прэзентацыя выставы, прысвечанай землякам, якія
ваявалі ў іншых краінах.
У гонар Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў спартыўныя
каманды зэльвенскіх школ пазмагаліся на базе Міжэрыцкага д/с СШ у турніры па
валейболе на кубак ім. Уладзіміра Ляха.