Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Зэльвенскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навіны раёна
10.01.2022

Калядныя пацехі, ці Як прайшоў шчодры вечар у Зэльве

  Штогод адразу пасля Раства самадзейныя артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ўзгадваюць беларускія традыцыі, якія так любілі нашы продкі і якія перадаваліся ад пакалення да пакалення. Час трошкі змяніў спосаб правядзення Каляд, але абрадавая сутнасць захавалася. І зэльвенцы актыўна з года ў год уключаюцца ў тэатралізаванае дзейства. Гасцей свята і калядоўшчыкаў сустракаў Дзед са сваёй унучкай. На стале, як і прынята ў  Шчадрэц , самыя смачныя і апетытныя стравы, пачаставацца якімі гаспадар запрасіў галоўных герояў вечара. За розныя пачастункі яны павінны былі падзякаваць спевамі, гульнямі, танцамі. Такі ўзаемна ветлівы прыём сімвалізуе дабрабыт у сям’і, найлепшыя пажаданні на год бягучы. Добрай прыкметай лічылася і тое, што парог дома пераступілі калядоўшчыкі. І яны да Дзеда завіталі шумна, весела, казачна, бо іх суправаджалі калядныя персанажы. Каза, як сімвал урадлівасці, багацця і дабрабыту. Мядзведзь – сімвал здароўя, сілы, пладавітасці. Цыган з Цыганкай, як чараўнікі, яны прынеслі поспех і паразуменне. І канешне ж, Калядоўшчык з Зоркай – сімвалам года. Вясёлыя песні, танцы, жартоўныя забавы – у атмасферу свята хутка ўключыліся мясцовыя жыхары і госці пасёлка. Бабулі з унукамі спаборнічалі ў гульнях, моладзь акружыла Цыганку, старэйшае пакаленне весяліў Мядзведзь. Да і наогул, пад прыгожыя спевы калядоўшчыкаў ногі самі пускаліся ў пляс. Для аматараў народных танцаў быў праведзены майстар-клас па побытавым танцам, для прыхільнікаў песні – конкурс прыпевак. Прадумалі арганізатары свята і такія танцавальныя і  гульнёвыя моманты , каб пазнаёміць юнакоў з дзяўчатамі, каб мужчыны запрасілі на танец жанчын, каб дзеці павадзілі карагод. Словам, той, хто хацеў зразумець прыгажосць народнага абраду, далучыўся да дзейства і весяліўся ад душы. Вікторыя Ляцкая кажа: —  Сёння незвычайны вечар. Багаты на весялосць, шчадраванне, варажбу. Нашым удзелам мы падтрымліваем народныя традыцыі, паказваем і тлумачым дзецям аб багацці і сэнсе абраду. Гэта самы спрыяльны час, каб быць разам з сям’ёй, сябрамі, землякамі. Каб дзяліцца радасцю Раства Хрыстова і са станоўчымі эмоцыямі распачынаць бягучы год. Таму жадаю ўсім добрага, шчодрага вечара. Як гаворыцца – Каляда прыйшла, вялікую радасць прынесла! Людміла ПОПКА