14.02.2023
Адзін дзень з аграрным універсітэтам. Вышэйшую навучальную ўстанову наведалі старшакласнікі Зэльвеншчыны
Вядучай рэгіянальнай кузніцай высокаадукаваных кадраў для сельскай гаспадаркі з’яўляецца Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Яго выпускнікі працуюць у большасці прадпрыемстваў раёна, займаюць кіруючыя пасады, з’яўляюцца паважанымі людзьмі. Вышэйшую навучальную ўстанову наведалі 16 старшакласнікаў Зэльвеншчыны, якія плануюць звязаць прафесійнае жыццё з аграрнай сферай .
Пазнаёміцца з універсітэтам, паглядзець, чым жывуць студэнты, упэўніцца ў правільнасці свайго выбару мараць многія вучні выпускных класаў. Гэтыя намеры сталі магчымымі пасля таго, як арганізатары паездкі заручыліся падтрымкай кіраўніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама І.У. Шышлоўскага, дырэктара дзяржпрадпрыемства “Бародзічы” Д.З.Тамкевіча.
У час сустрэчы дэкан факультэта бухгалтарскага ўліку С.Ю.Шчарбацюк расказала гасцям аб спецыяльнасцях, у тым ліку новых, на якія, пачынаючы з 2023 года, могуць паступаць абітурыенты. Засяродзіла ўвагу на перавазе перад астатнімі выпускнікоў аграрных класаў. Менавіта для іх паступленне пройдзе ў форме суразмовы пры наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі не ніжэй за 7 балаў па вучэбных прадметах, што адпавядаюць прадметам профільных іспытаў.
Студэнты факультэта бухгалтарскага ўліку з прафарыентацыйнай мэтай правялі са школьнікамі бізнэс-трэнінг і фінансавую віктарыну. Паводле вынікаў яе пераможцы атрымалі адпаведныя сертыфікаты. Акрамя гэтага, зэльвенскім вучням было прапанавана наведаць ДНК-лабараторыю, ветэрынарную клініку, музей пчол – сапраўдныя аб’екты гонару выкладчыкаў і студэнтаў. Зразумела, што экскурсія па абазначаных падраздзяленнях універсітэта адбылася. Больш таго, нават выклікала заслужанае захапленне яе ўдзельнікаў працэсам навукова-даследчай дзейнасці для патрэбаў не толькі аграрыяў, але і насельніцтва нашай вобласці.
Думаецца, што ўсеагульная зацікаўленасць у арганізацыі такіх сустрэч дапаможа не толькі зарыентаваць вучняў у накірунку найбольш запатрабаваных у рэгіёне прафесій, але і зробіць выбар будучай спецыяльнасці больш свядомым. Пазбегнуць памылак, якія могуць сустрэцца на шляху кожнага выпускніка – таксама мэта падобных праектаў. ДУМКІ ЎСЛЫХ
Ілья ЧАРНЯК, вучань 11 класа Князеўскай СШ:
– З выбарам спецыяльнасці вызначыўся даўно. З вялікай увагай слухаў выступленні і дэкана, і студэнтаў, паколькі планую прадоўжыць навучанне іменна ў дадзенай установе. Да таго ж імпануе, што ў якасці перавагі перад іншымі абітурыентамі вну залічыцца вучоба ў аграрным класе. Набыты вопыт, на маю думку, дапаможа больш якасна прыстасавацца да новых умоў. У гэтым сэнсе прываблівае і тое, што ўсіх іншагародніх студэнтаў універсітэт на час навучання забяспечвае камфортным, добраўпарадкаваным інтэрнатам.
Антон КАПЫЛОВІЧ, вучань 8 класа Князеўскай СШ:
– У школе нам часта расказваюць пра розныя прафесіі, мы рыхтуем прэзентацыі, штогод прымаем удзел у прафарыентацыйных тыднях. Але лепш адзін раз убачыць, чым многа разоў пачуць. Кіруючыся гэтым, я і скарыстаўся магчымасцю ўдзелу ў актуальнай сустрэчы ў сценах універсітэта. А пры наведванні ветэрынарнай клінікі змог ацаніць практычна ідэальныя ўмовы для лячэння і назірання за жывеламі. Ім я хачу дапамагаць у далейшым, робячы больш шчаслівымі і іх клапатлівых гаспадароў.
Елізавета ШЧАЮК, вучаніца 9 класа Галынкаўскай СШ:
– Да выбару прафесіі трэба ставіцца свядома – у гэтым я падтрымліваю сваіх настаўнікаў. І сапраўды, адзін дзень, праведзены ў аграрным, дапамог лепш зразумець, як рыхтуюць спецыялістаў, чым яны займаюцца. Уразіла ДНК-лабараторыя, якая ўкараняе сучасныя дасягненні малекулярнай біятэхналогіі ў сельскую гаспадарку, ветэрынарыю, бяспеку харчовай прамысловасці і медыцыну. Упэўнілася ў тым, што Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, які пастаянна развіваецца, з’яўляецца адукацыйным, навуковым і культурным цэнтрам нашага рэгіёну. Р.S. Бацькі і вучні ўдзячныя арганізатарам і спонсарам за змястоўнае і карыснае мерапрыемства.
Метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вера МАЛАХВЕЙ