16.08.2022
15 жніўня каталікі адзначылі ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Галоўнай думкай урачыстасці, прымеркаванай да важнай каталіцкай падзеі – Унебаўзяцця Панны Марыі на неба – стала думка аб тым, што кожны веруючы чалавек павінен зразумець: неба – гэта асноўная мэта жыцця і ўнутранай працы.
На пачатку святочнай імшы , якая адбылася ў касцёле Святой Тройцы г.п. Зэльва, пробашч Яцэк Маркель запрасіў парафіян памаліцца да Панны Марыі і падзякаваць ёй за абарону і дапамогу, асабліва ў цяжкія хвіліны і ў складаных абставінах, апеку і плады новага ўраджаю.
Разважаючы над урыўкам з Евангелля шаноўны госць парафіі ксёндз Ігар Мутрук акцэнтаваў увагу на тым, што Марыя, да якой мы звяртаемся, паказвае нам шлях веры і пакоры, дарогу да неба.
– Дарога да неба з’яўляецца цяжкай і звілістай, але чалавек павінен вучыцца перамагаць складанасці, часы роспачы, вытрымліваць усялякія выпрабаванні. Дапамогай у гэтым будзе малітва і прыклад Найсвяцейшай Панны Марыі. Ушаноўваючы Унебаўзятую Марыю, мы не толькі ўслаўляем Яе Узнясенне, але і шчыра жадаем зрабіць усё магчымае, каб быць разам з Ёю ў валадарстве Яе Сына. Давайце звернемся ў пакоры да Маці Божай і даверым Ёй свае сэрцы і думкі, – запрасіў ксёндз Ігар.
Святары таксама адзначылі, што цяперашні жнівеньскі час, пара ўборкі ўраджаю – вельмі важны месяц для хлебаробаў, так як сабраць ураджай новага года адказная і вельмі цяжкая справа. Таму неабходна ў першую чаргу ўзнесці малітвы да Езуса Хрыста і Панны Марыі аб здароўі і клопаце земляробаў, аб спрыяльным надвор’і і падзякаваць за багаты ўраджай.
Згодна народнай традыцыі на свята прынята асвячаць зёлкі, садавіну і агародніну. Як і штогод, так і сёлета у гэты дзень парафіяне прынеслі ў касцёл упрыгожаныя букецікі і кошычкі, у якіх склалі розныя травы і кветкі, яблыкі і грушы, іншыя плады. Благаслаўленне і асвячэнне іх адбылося напрыканцы імшы.
– Свята Унебаўзяцця Панны Марыі надае душэўны супакой, надзею на тое, што Божая Маці заўсёды прысутнічае побач, – гаворыць зэльвенская парафіянка Станіслава Урбановіч. – Асвячаю лугавыя травы: яны служаць абарэгам дома і сям’і. Некаторыя з іх, напрыклад палын, мяту, рабіну, потым ужываю, як лячэбны настой. А яблыкамі – дарамі Бога – з добрымі пажаданнямі частую родных і сяброў.
Людміла ПОПКА