07.08.2023
Выступленне Лукашэнкі на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця II Гульняў краін СНД
Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця II Гульняў краін СНД
Дарагія сябры!
Паважаныя атлеты, трэнеры, суддзі, арганізатары і, вядома ж, гледачы!
Я вітаю ўсіх, хто знаходзіцца тут, на "Мінск-Арэне". Усіх, хто сочыць за цырымоніяй адкрыцця анлайн.
Беларуская зямля прымае Гульні краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Зноў да нас прыкавана ўвага мільёнаў балельшчыкаў ва ўсім свеце. Гэтак жа, як і чатыры гады таму, калі на нашых стадыёнах гучалі пераможныя фанфары Другіх Еўрапейскіх гульняў.
Іх агонь, запалены ў Мінску, не згас. Ён гарыць верай у алімпійскія ідэалы, сапраўдную справядлівасць і спартыўнае братэрства. Ён аб'ядноўвае шчырых сяброў, верных і надзейных, - людзей з жалезным характарам.
Ён сабраў нас разам.
Тут пануе цудоўная атмасфера. Вы ствараеце яе сваімі эмоцыямі, адкрытасцю, дружалюбнасцю.
Дзякуй вам вялікі.
(Апладысменты)
Удзячны кіраўніцтву краін - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Усіх краін, якія прыехалі да нас. Вы аказалі Беларусі давер, і мы дастойна правядзём гэты спартыўны форум. У яго вялікая будучыня.
І гэта будучыня ў нашых руках. Як бы ні імкнуліся яе адабраць сусветныя заправілы - азлобленыя і бяссільныя. Перакананы, яны нас таксама сёння бачаць.
Глядзіце, слухайце, рабіце высновы.
Вы спрабуеце выкрасліць моцных канкурэнтаў з міжнароднага спорту.
Вы хочаце адабраць нашы спартыўныя перамогі.
Вы знішчаеце дух і сэнс алімпійскага руху.
Гэта прыкмета слабасці і вашага страху.
Гэта спроба схавацца за жалезнай заслонай ад праўды жыцця.
(Апладысменты)
Вы спрабуеце схавацца ад праўды жыцця. Гэта прызнанне сілы нашых глыбінных каштоўнасцей, якія падзяляе пераважная большасць людзей на планеце, у тым ліку звычайныя, простыя еўрапейцы і амерыканцы.
Паглядзіце. Тут сабраліся тысячы. Трансляцыю глядзяць мільёны.
Усе ўбачаць не толькі нашу выдатную Беларусь, але і культуру тых дваццаці краін, якія прадстаўлены вядучымі спартсменамі. Вы ўбачыце традыцыі, вы ўбачыце гераічную гісторыю Беларусі, якая характэрна для ўсіх краін Садружнасці. Вы пераканаецеся, што Беларусь мае цудоўную, чароўную прыроду.
Усе ўбачаць сучасныя арэны, моцных атлетаў, яркія паядынкі і новыя рэкорды, а галоўнае - вялікую міжнародную цікавасць да гэтых Гульняў.
Да нас прыехалі звыш дзвюх тысяч спартсменаў з больш як дваццаці краін розных кантынентаў.
Ніякія санкцыі, ніякія палітычныя інтрыгі не пазбавяць нас гэтага свята. Гэта немагчыма. Свет цесны, узаемазалежны, узаемаўвязаны. І толькі безразважныя спрабуюць разарваць гэтыя сувязі.
(Апладысменты)
Дарагія сябры!
Я ўпэўнены, нашым гасцям будзе цёпла, утульна і, самае галоўнае, спакойна, душэўна спакойна на беларускай зямлі.
Мы зрабілі і будзем рабіць усё для гэтага. І для таго, каб Гульні краін Садружнасці сталі сапраўдным сімвалам дружбы, міру і стварэння.
Дэвіз нашых Гульняў - "Моцны характар - яркая гульня!". Гэта не толькі пра спорт. Гэта пра кожнага з нас.
Настаў час мужных і рашучых людзей, людзей, здольных пастаяць за гонар краіны, за перамогі сваіх бацькаў і будучыню сваіх дзяцей. Гэта - наш час.
(Апладысменты)
Жадаю ўсім спартсменам - удзельнікам Гульняў удачы і вялікіх асабістых дасягненняў. Вам хачу сказаць: спартсмены, не перажывайце. Нас немагчыма - ні расіян, ні беларусаў, іншых - выкрасліць з міжнароднага алімпійскага і спартыўнага руху. Вы заўсёды будзеце запатрабаваны. Вы заўсёды будзеце ў справе.
Трэнерам - мудрасці і цярпення.
Балельшчыкам - яркага відовішча, незабыўных уражанняў і вялікага мора пазітыўных эмоцый.
Аб'яўляю Другія Гульні краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў адкрытымі!-0-
БЕЛТА