Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Зэльвенскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
11.08.2023

Лукашэнка патрабуе развіваць Нацыянальны аэрапорт Мінск з улікам перспектывы

  11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе развіваць Нацыянальны аэрапорт Мінск з улікам перспектывы. Аб гэтым ён заявіў пры наведванні аэрапорта, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб развіцці інфраструктуры Нацыянальнага аэрапорта Мінск, перспектыўных планах. У тым ліку аб транспартных зносінах са сталіцай па чыгунцы, паркінгах. Размова ішла і пра будаўніцтва новага пасажырскага тэрмінала. Ён неабходны на перспектыву ў сувязі з ростам пасажырапатоку, які ў Нацыянальным аэрапорце пераадольваў ужо планку 5 млн чалавек у год. Калі гаварыць пра далейшыя планы, то, зразумела, для зручнасці дастаўкі ў аэрапорт большай колькасці пасажыраў у далейшым спатрэбяцца і прадуманыя рашэнні ў транспартных зносінах са сталіцай па чыгунцы. Пры гэтым важна рацыянальна падысці да справы. "Каб мы не будавалі дубліруючых, паралельных нейкіх шляхоў, а выкарыстоўвалі тое, што ёсць", - заўважыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць адпаведны праект па рэканструкцыі аэрапорта з будаўніцтвам тэрмінала і чыгуначнай веткі, каб дэталёва яго разгледзець: "Давайце дамовімся: калі будзе гатовы праект, мы асобна яго разгледзім". Прынцыповы падыход - планаваць і рабіць на перспектыву. "Мы ж усё на перспектыву робім. Калі сёння з-за існуючых абставін нешта не патрэбна, то трэба разумець, што гэта заўтра будзе запатрабавана", - арыентуе Прэзідэнт. Асобнае даручэнне Прэзідэнта датычыцца старой узлётна-пасадачнай паласы аэрапорта. Другую пабудавалі ў 2019 годзе. Па зразумелых прычынах цяпер транспартны паток не такі, як у ранейшыя гады, але Аляксандр Лукашэнка патрабуе не забываць пра першую паласу. Як далажылі кіраўніку дзяржавы, на ёй выконваецца бягучы рамонт. "Майце на ўвазе, што гэта паласа павінна быць у рабочым стане. Нармальным стане. Пабудавалі другую. Гэта не павінна быць кінута. Паласа павінна быць у ідэальным стане. Трэба ў любых абставінах рабіць гэта", - даручыў кіраўнік дзяржавы. У цэлым, як было даложана Прэзідэнту, аэрапорт, нягледзячы на складанасці з-за ўведзеных санкцый, вырашае ўзнікаючыя праблемы і цяпер стабільна працуе, не мае праблем у забеспячэнні матэрыяламі і абсталяваннем. Па асобных пазіцыях наладжана вытворчасць на айчынных прадпрыемствах, па некаторых - пастаўкі з дружалюбных краін, напрыклад, Кітая. Аляксандр Лукашэнка на аўтобусе агледзеў тэрыторыю аэрапорта і наведаў ААТ "Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі нумар 407", дзе азнаёміўся з тэхнічным абслугоўваннем і рамонтам паветраных суднаў, работай прадпрыемства.-0- БЕЛТА