05.11.2021
Лукашэнка на адкрыцці кардыяцэнтра ў Магілёве: мы прадоўжым ствараць лепшыя ўмовы для жыцця людзей
5 лістапада, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Дзяржава прадоўжыць ствараць лепшыя ўмовы для жыцця людзей у Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі адкрыцця кардыяхірургічнага і кардыятэрапеўтычнага карпусоў Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ніколі, як бы сёння камусьці ні хацелася, не перапынім гісторыю працоўных подзвігаў нашых продкаў. Не спыняць нас ні санкцыі, ні пандэмія, як не спынілі ў свой час беларусаў ні грамадзянская, ні Вялікая Айчынная вайна. У выніку сваіх магчымасцей мы будзем развівацца і ствараць лепшыя ўмовы для жыцця нашых людзей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы бачыце, што свет зусім адурэў, ашалеў, і намнога цяжэй стала працаваць. Пандэмія ўзмацніла націск вялікіх дзяржаў на сярэднія і малыя, і, я ўжо гаварыў, для нас цяпер вельмі важна выстаяць, вытрываць і перамагчы ў гэты цяжкі час. Самае галоўнае цяпер - выжыць", - заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што за апошнія гады Магілёў вельмі змяніўся і прадаўжае развівацца. Гаворачы пра новыя кардыялагічныя карпусы магілёўскай бальніцы, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў іх значнасць для рэгіёна. "Яны былі вельмі патрэбны для Магілёўшчыны, - заявіў ён. - Вы нават, па-мойму, выйшлі на ўзровень Мінскай вобласці".
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у праектаванні і будаўніцтве новага кардыяцэнтра. Ён нагадаў, што ў Магілёве таксама нядаўна быў пабудаваны фізкультурна-аздараўленчы корпус. Напярэдадні дзяржаўнага свята тут пачне працаваць 50-метровы басейн.
"Ахова здароўя і спорт - гэта тое, што патрэбна нашым людзям, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - У новым фізкультурна-аздараўленчым комплексе мы стварылі для вас усе ўмовы для прафілактычнай актыўнасці, аднаўлення пасля хваробы, фізічнага развіцця дзяцей і дарослых - у цэлым усё зрабілі для здаровага ладу жыцця. Паверце, гэта не дзяжурныя словы".
Прэзідэнт дадаў, што цяпер у розных рэгіёнах будуюцца сучасныя высокатэхналагічныя медыцынскія цэнтры. Ён заклікаў грамадзян берагчы гэты здабытак і помніць, што ён прыналежыць беларускаму народу. "Ніколі не дапускайце ніякай прыватызацыі. Пакуль я ёсць, я гэтага не дазволю. Беражыце гэта, яно павінна належаць вам. Вы бачылі, як паказала сябе прыватная медыцына на Захадзе: тысячы і тысячы хворых", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым кіраўнік дзяржавы нагадаў: да пытання будаўніцтва новых бальніц і школ у краіне будуць падыходзіць выверана. Неабходна ўдасканальваць і выводзіць на ўзровень сусветных стандартаў існуючыя ўстановы, падкрэсліў ён. Тым больш што абласныя бальніцы ўжо канкурыруюць з Мінскам.
"Трэба аказваць дапамогу так, каб хапіла гэтых ложкаў. Таму мы цяпер аптымізуемся. Трэба падымаць зарплату ўрачам і настаўнікам, таму што гэта аснова нашага грамадства", - звярнуў увагу беларускі лідар.
БЕЛТА