12.01.2022
Лукашэнка: маладая беларуская дзяржава ўмее знаходзіць эфектыўныя адказы на любыя выклікі
11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маладая беларуская дзяржава ўмее знаходзіць эфектыўныя адказы на любыя выклікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва і прэміі "Беларускі спартыўны Алімп", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У бурлівым моры перамен нам з вамі ўдалося адстаяць незалежнасць Беларусі, вывесці на новы ўзровень эканоміку, захаваць і развіць сацыяльную сферу. Але галоўнае, мы захавалі сябе, менталітэт, годнасць і чыстую душу беларускага народа. Усё тое, што нас аб'ядноўвае і дае магчымасць упэўнена глядзець у будучыню. Час паказаў, што наша маладая суверэнная дзяржава ўмее знаходзіць, калі трэба, эфектыўныя адказы на любыя выклікі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пацвярджэннем гэтага, заявіў Прэзідэнт, стала тое, як у краіне спраўляюцца з пандэміяй каранавіруса. "Усё, што намі зроблена і робіцца, - выключна для захавання здароўя і жыцця нашых людзей", - адзначыў ён.
А прыгранічны крызіс з бежанцамі, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, паказаў, што для беларусаў міласэрнасць, чалавекалюбства і сумленне - не пусты гук. "Мы заўсёды гатовы адгукнуцца на чужую бяду. І помніце, калі нехта гэта не разумеў: як ты ставішся да чалавека, так і ён да цябе будзе ставіцца. Як твой народ паважае іншыя народы, так і цябе будуць паважаць. Гэта непахісная ісціна, мы яе павінны помніць. Дзякуй богу, з гэтым у нас усё добра. Мы падтрымалі тых людзей, абагрэлі, далі ім прытулак і хлеб. Яны прыйшлі да нас з мірам, і мы сустрэлі іх з адкрытай душой. Да такіх людзей у нашай чыстай, утульнай, прыгожай, гасціннай Беларусі іншага стаўлення не магло і быць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт дадаў, што такія падзеі даюць зразумець, наколькі неабаронены сёння чалавек, калі губляе сувязь з каранямі, з роднай зямлёй, і як важна ў сучасным жорсткім свеце берагчы памяць народа, гістарычную праўду, не дапускаць фальсіфікацыі лёсавызначальных для краіны падзей.
БЕЛТА