17.06.2022
Лукашэнка - кіраўніцтву прампрадпрыемстваў: з імпартазамяшчэннем будзем на вас паднаціскаць, гэта шанц
17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе актыўнага ўключэння прампрадпрыемстваў краіны ў работу па імпартазамяшчэнні. Аб гэтым ён заявіў у ходзе рабочай паездкі ў Бабруйск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы будзем на вас паднаціскаць. Імпартазамяшчэнне - гэта шанц. З аднаго боку, шанц. З другога боку, цяжкая работа, - сказаў Прэзідэнт. - Нам трэба задзейнічаць вытворчасці, якія цяпер не вельмі працуюць. Трэба прыцягнуць такія прадпрыемствы, загрузіць".
Кіраўнік дзяржавы заслухаў грунтоўныя даклады кіраўнікоў прампрадпрыемстваў. Размова ў тым ліку аб геаграфіі паставак, праходжанні плацяжоў, складскіх запасах.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу і на важнасці развіцця сувязей з дружалюбнымі краінамі. Гэта не толькі Расія, але з буйных дзяржаў - Кітай. Вялікі патэнцыял Прэзідэнт бачыць і ва ўзаемадзеянні з Індыяй, з паслом якой ён гэтымі днямі правёў сустрэчу.
"За Расіяй замацаваны прэм'ер, за Кітаем - першы віцэ-прэм'ер, за Індыяй з учарашняга дня - міністр замежных спраў. Але і без вас нічога не будзе. Працуем!" - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да дырэктарскага корпуса прампрадпрыемстваў.
"Калі Мінпрам вытрымае, то і краіна будзе працаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У час наведвання "Бабруйскаграмаша" ўвазе Прэзідэнта прадставілі шырокі спектр імпартазамяшчальнай прадукцыі прампрадпрыемстваў краіны.
Падрабязна аб дзейнасці ў галіне імпартазамяшчэння кіраўніку дзяржавы далажылі кіраўнікі такіх прадпрыемстваў, як "Бабруйскаграмаш", "Мінскі маторны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі трактарны завод, холдынгаў "Аўтакампаненты", "Ніва-Холдынг", "АМКАДОР", "БЕЛАЗ-Холдынг", Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН, "Белкамунмаша". Было падкрэслена, што на кожным з прамысловых аб'ектаў на працягу апошняга часу вядзецца сістэмная работа па імпартазамяшчэнні і максімальнай лакалізацыі вытворчасці прадукцыі. Прычым у шэрагу выпадкаў важна не толькі скарацечная фінансавая выгада, але і доўгатэрміновыя перавагі, калі вытворца можа кіраваць рэсурсамі, быць упэўненым, што своечасова атрымае неабходныя дэталі і кампаненты.
Размова ішла таксама аб рэалізацыі перспектыўных імпартазамяшчальных інвестыцыйных праектаў, аб найноўшых распрацоўках айчыннага Мінпрама. Сярод узораў такой тэхнікі будучага быў прадстаўлены, напрыклад, электрагрузавік "Белкамунмаша".
Прэзідэнт дэталёва пацікавіўся станам спраў на прадпрыемствах, наяўнасцю праблем, пытаўся, якая дапамога для развіцця патрэбна з боку дзяржавы.
БЕЛТА