20.01.2022
Лукашэнка і Сі Цзіньпін абмяняліся віншаваннямі з нагоды 30-годдзя дыпадносін Беларусі і Кітая
Сі Цзіньпін і Аляксандр Лукашэнка. Фота з архіва
20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя народа Рэспублікі Беларусь і сябе асабіста павіншаваў Старшыню Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна з 30-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"За невялікі па гістарычных мерках перыяд часу мы прайшлі шлях ад двухбаковага ўзаемадзеяння да давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Планамерна выходзім на новы этап "жалезнага братэрства" і "ўсепагоднага партнёрства", - гаворыцца ў віншаванні. - У гэтых словах закладзены нашы поспехі і дасягненні ў палітыцы, эканоміцы, гуманітарнай і ваенна-тэхнічнай галінах, сферы бяспекі".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Мінск і Пекін паслядоўна пашыраюць міждзяржаўны дыялог, каардынуюць мэты і задачы па пытаннях сусветнага і рэгіянальнага парадкаў дня, у тым ліку ў рамках ААН, ШАС, ЕАЭС, рэалізацыі ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях", у пабудове супольнасці адзінага лёсу чалавецтва і па многіх іншых напрамках.
"Сёння мы з удзячнасцю ўспамінаем усіх тых, хто на розных этапах уносіў уклад у развіццё адносін паміж Беларуссю і Кітаем, напаўняў іх практычным зместам на карысць народаў дзвюх краін. Упэўнены, што закладзены намі фундамент стане моцнай асновай для будучых пакаленняў беларусаў і кітайцаў, якія, як і мы, будуць шчыра сябраваць і падтрымліваць адзін аднаго ва ўсе часы", - гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Сі Цзіньпіну моцнага здароўя і ажыццяўлення пастаўленых мэт, а брацкаму народу Кітая - міру і дабрабыту.
У адрас Прэзідэнта Беларусі таксама паступіла віншаванне ад кітайскага лідара. "З нагоды 30-годдзя з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Кітайскай Народнай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь ад імя кітайскага ўрада і кітайскага народа, а таксама ад сябе асабіста шлю вам і ў вашай асобе дружалюбнаму беларускаму народу шчырыя віншаванні і найлепшыя пажаданні", - гаворыцца ў ім.
Сі Цзіньпін канстатаваў, што на працягу 30 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін кітайска-беларускія адносіны ўпарта рухаюцца наперад, а традыцыйная дружба паміж дзвюма краінамі з кожным днём становіцца ўсё мацнейшай. "Пад нашым сумесным кіраўніцтвам Кітай і Беларусь паслядоўна ўстанавілі адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і адносіны давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Палітычны ўзаемадавер дзвюх краін несакрушальны, а двухбаковае супрацоўніцтва ў розных галінах прынесла плённыя вынікі", - адзначыў Старшыня КНР.
Ён таксама падкрэсліў, што абодва бакі цвёрда падтрымліваюць адзін аднаго па пытаннях, якія датычацца карэнных інтарэсаў дзвюх краін, а таксама цесна і эфектыўна ўзаемадзейнічаюць у міжнародных і рэгіянальных справах. Пасля ўспышкі эпідэміі COVID-19 абедзве краіны аказваюць адна адной дапамогу і падтрымку, поплеч пераадольваюць цяжкасці, дэманструючы братэрства з адзіным лёсам.
Старшыня КНР адзначыў, што на працягу апошніх гадоў лідары дзвюх краін падтрымліваюць стасункі рознымі спосабамі і дасягнулі важных дамоўленасцей па развіцці кітайска-беларускіх адносін у новай абстаноўцы. "Карыстаючыся выпадкам 30-годдзя з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі, я хацеў бы запэўніць вас, што я гатовы сумесна з вамі прыкладаць усе намаганні да таго, каб пашырыць адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства паміж Кітаем і Беларуссю і сумесную рэалізацыю ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях" для дасягнення яшчэ большых вынікаў супрацоўніцтва на карысць дзвюх краін і іх народаў", - падкрэсліў ён.
Сі Цзіньпін пажадаў Аляксандру Лукашэнку поспехаў у рабоце і моцнага здароўя, дружалюбнай Беларусі - працвітання, а яе народу - шчасця і дабрабыту.
БЕЛТА