27.01.2023
Эксперты ацэняць магчымасць беларускіх прадпрыемстваў перайсці на альтэрнатыўны від упакоўкі
26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі праводзяцца даследаванні па паэтапнай адмове ад палімернай упакоўкі. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі расказала загадчыца аддзела абыходжання з адходамі РУП "БелНДЦ "Экалогія"; прадстаўнік Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Кацярына Бацян, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наша арганізацыя займаецца вузканакіраванымі відамі дзейнасці. Мы працуем над сацыяльна-эканамічным аналізам паэтапнай забароны вытворчасці палімернай упакоўкі з магчымым яе замяшчэннем", - расказала Кацярына Бацян. Мэта гэтага даследавання - магчымасць пераўзбраення прадпрыемстваў і пераходу на шматабаротную, або арганічную ўпакоўку, адзначыла яна.
"Даследаванні вядуцца ўжо другі год, у 2023 годзе мы прадаўжаем гэту работу сумесна з усімі прадпрыемствамі Беларусі. Гэта неабходна для таго, каб ацаніць усе эканамічныя рызыкі і ў цэлым зразумець магчымасці прадпрыемстваў па пераходзе ў бліжэйшай будучыні на альтэрнатыўны від упакоўкі", - падкрэсліла спецыяліст.
Паводле яе слоў, гэту работу БелНДЦ "Экалогія" праводзіць разам з Інстытутам эканомікі Расійскай акадэміі навук, а яе заказчыкам выступае Еўразійская эканамічная камісія.
БЕЛТА