20.10.2021
Аб задачы ўрачоў, масках, вакцынацыі, апаратах ШВЛ і лякарствах. Што даручыў Лукашэнка чыноўнікам на нарадзе па каранавірусе
НАВІНЫ СЮЖЭТА "КАРАНАВІРУС: АПОШНІЯ НАВІНЫ"
Вядзецца работа па ўнясенні даных аб вакцынацыі ў Беларусі ў дадатак "Падарожнічаю без COVID-19"
Вучоныя знайшлі новы спосаб прагназаваць цяжкі ход COVID-19
19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады па эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне даў шэраг даручэнняў чыноўнікам, якія датычацца мер, што прымаюцца па барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На нарадзе Аляксандр Лукашэнка расставіў акцэнты па ўсіх тэмах, якія хвалююць грамадства ў сувязі з пандэміяй і бягучым уздымам захваральнасці як у Беларусі, так і рэгіёне ў цэлым. Максімальна выразна кіраўнік дзяржавы выказаўся па дыскусійных пытаннях адносна нашэння сродкаў індывідуальнай аховы і вакцынацыі. Тут кожны павінен распараджацца сваім лёсам сам, упэўнены беларускі лідар. І калі чыноўнікі могуць сабе дазволіць прыходзіць на прыём да Прэзідэнта без маскі і ПЛР-тэсту, то не павінны залішне напружваць і грамадзян, асабліва ўводзіць розныя штрафы і да нечага прымушаць.
Тым не менш кіраўнік дзяржавы выступае за вакцынацыю, а таксама за нашэнне масак там, дзе таго патрабуе абстаноўка. Ён падкрэслівае, што асноўныя намаганні трэба накіроўваць на тое, каб лячыць людзей, і ў гэты няпросты перыяд забяспечваць установы аховы здароўя ўсім неабходным - пачынаючы ад сродкаў аховы да абсталявання, кіслароду і лякарстваў. І ў гэтым пытанні трэба жорстка рэагаваць на спробы некаторых нягоднікаў нажыцца на здароўі людзей.
Зразумела, на нарадзе размова зайшла і аб фінансавым аспекце. У краіне робіцца ўсё магчымае для лячэння і ратавання жыццяў людзей, але факт застаецца фактам - на адпаведныя мерапрыемствы расходуюцца немалыя сумы. У гэтым годзе з рэспубліканскага бюджэту на ахову здароўя выдзелена больш за Br7,6 млрд, або 5 працэнтаў ад ВУП. Ужо зрасходавана каля Br6 млрд.
З рэзервовага фонду Прэзідэнта Беларусі будуць выдзелены дадатковыя сродкі на барацьбу з COVID-19. "Я пагляджу, што мы маем у рэзервовым фондзе Прэзідэнта, колькі ў нас астатак. Мы яго бераглі, не трацілі. Мы выдзелім гэтыя сродкі для таго, каб падтрымаць нашых урачоў, закупіць на запас і лякарствы, і іншыя матэрыялы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў цэлым у Беларусі спраўляюцца з пандэміяй. На яго думку, гэта ўдалося дзякуючы таму, што ў час першай хвалі ў краіне не сталі спыняць вытворчасці. "У нас экспарт у гэтым санкцыйным годзе вышэйшы, чым калі-небудзь. А калі ёсць экспарт, ёсць паступленне валюты. І сёння мы ўжо прадаём больш, чым спажываем, - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. - Пакуль мы спраўляемся самі і, я думаю, справімся, калі мы ўсе мабілізуемся".
"Сітуацыя зразумелая. Я недзе тыдні два таму чарговы раз дапытваў (інакш не скажаш) міністра аховы здароўя. Мы прыйшлі абодва да адной высновы, што гэты тыдзень і наступны будуць вельмі паказальныя ў лячэнні людзей, і перш за ўсё ў лячэнні каранавіруснай інфекцыі, - сказаў Прэзідэнт. - У мяне пасля сённяшняга абмеркавання гэта ўражанне (або такі асцярожны прагноз) узмацнілася. Гэты і наступны тыдзень дадуць нам вынік".
Дарэчы, у бліжэйшы час з удзелам Аляксандра Лукашэнкі чакаецца яшчэ шэраг мерапрыемстваў, якія будуць прысвечаны пытанням лячэння людзей ва ўмовах пандэміі.
Аб рабоце ўрачоў, нашэнні масак і вакцынацыі
"Нягледзячы на мой строгі тон, давайце дамовімся - урачы павінны лячыць людзей. Паўтараю тое, што я вам гаварыў у першую кавідную хвалю. Нікуды іх адцягваць не трэба, тыпу бегаць па горадзе і глядзець, адзелі маскі ці не адзелі, - гэта таксама не ваша справа, не адцягвайце ўвагу на гэта", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, калі грамадзяне хочуць выкарыстоўваць маскі, гэта іх права, тым больш у краіне вырабляецца дастаткова сродкаў індывідуальнай аховы. Але і схіляць людзей да масачнага рэжыму не трэба. "Хто хоча, той будзе насіць. Але ўрачам адцягваць увагу на гэта, эпідэміёлагам або санэпідстанцыі - гэта марнатраўна", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Гэтак жа, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, трэба падыходзіць і да пытання вакцынацыі. Прышчэплівацца або не - павінна быць справай выключна добраахвотнай. Дзейнічаць тут трэба метадам пераконвання: "Я не выключаю, хоць дрэнна ўспрымаю, матэрыяльную зацікаўленасць. Як некаторыя кіраўнікі: вось табе 100-200 рублёў - ідзі, вакцынуйся. Разумны дырэктар палічыў: калі гэты чалавек не захварэе, то гэта для прадпрыемства будзе большы выйгрыш".
"Прымальныя любыя метады, акрамя прымушэння людзей. Папярэджваю ўсіх - міліцыю, санслужбы і іншых. У нас няма заканадаўчых асноў, і Прэзідэнт не прымаў такога рашэння, каб прымушаць людзей. Але прасіць іх трэба", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка разам з гэтым адзначыў, што ў шэрагу выпадкаў было б нядрэнна, калі б людзі насілі маскі. Напрыклад, у гандлёвых кропках, у транспарце.
"Па масках, ахоўных сродках, дыстанцыраванні і вакцынацыі я выказаўся. Прымайце гэта да няўхільнага выканання. Ніякага націску на людзей, - падкрэсліў беларускі лідар. - Не дай бог, мне паступіць інфармацыя, што вы пачынаеце выганяць людзей з гандлёвых кропак, метро ці аўтобусаў, мала не падасца. Таму што гэта становіцца праблемай палітычнай. Людзі адзін на аднаго пачынаюць зверам глядзець. Толькі добраахвотнасць".
Што датычыцца знаходжання на адкрытым паветры, кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў гэтым выпадку няма ніякай неабходнасці насіць маску. "На вуліцы чалавек павінен дыхаць свежым паветрам. Не трэба душыць людзей. Маска на вуліцы не патрэбна", - сказаў ён.
Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на лячэнне цяжарных, студэнтаў і пажылых людзей, а таксама вакцынаванне гэтых катэгорый грамадзян.
"Вы ж бачыце, што моладзь, як бы шмат яна ні хварэла, усё ж такі пераносіць гэтыя хваробы. Калі няма ў моладзі спадарожных захворванняў, яны нармальна выходзяць з гэтага стану. Не аслабляйце ўвагу на старых. Не дай бог перакінецца гэта зараза на старых, мы страцім велізарную частку насельніцтва", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Сітуацыя ў дамах-інтэрнатах для пажылых і інвалідаў была ўзята на кантроль дэпутацкім корпусам. Як адзначыў у час нарады старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, у краіне функцыянуе 156 стацыянарных устаноў, там пражываюць каля 20,5 тыс. грамадзян. На сённяшні дзень 8 дамоў-інтэрнатаў працуе вахтавым метадам.
"У цэлым Міністэрствам аховы здароўя і Мінпрацы праведзена вялікая работа па вакцынацыі. 96 працэнтаў пражываючых вакцынаваны. Таму захварэлых у дамах-інтэрнатах толькі 10 чалавек", - заявіў Уладзімір Андрэйчанка.
Пра беларускую вакцыну
"Тут правільна спецыялісты сказалі: вакцына - гэта не панацэя ад таго, што чалавек не захварэе. Ён можа захварэць. Але смяротнасць сярод вакцынаваных амаль нулявая", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Таксама зусім нязначная колькасць вакцынаваных і сярод тых, хто цяжка пераносіць хваробу.
"Якую можна зрабіць выснову - вакцына дапамагае. Прынамсі, нам трэба пражыць асенне-зімовы перыяд да наступнага лета. Вакцына тут нам добрая падмога. Далей жыццё нам пакажа, як дзейнічаць, што нам рабіць. І мы мудра зрабілі, калі дамовіліся, што мы сваю вакцыну, якую ўжо ў прабірцы маем, выпусцім у абарот у 2023 годзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што гэта рашэнне матывавана тым, што на той момант, магчыма, будзе зусім іншы штам кавіду. "І сёння бачым, што ён можа быць. Мы ўжо 4 або 5 штамаў перажылі. Сёння дэльта-штам. Таму мы якраз вырабім сваю вакцыну і прыстасуем яе да таго віруса, які будзе цыркуляваць у 2023 годзе", - заявіў Прэзідэнт.
Цяпер вельмі шмат зроблена для таго, каб выпускаць айчынную вакцыну. "Ёсць праект. Мы закупляем абсталяванне для таго, каб у нас быў свой завод па вытворчасці вакцын, як гэта робіцца ў Кітаі, Расіі, ЗША, яшчэ ў некалькіх дзяржавах. У нас павінна быць свая надзейная вакцына", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Аб закупцы лякарстваў
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што нядаўна даручыў міністру замежных спраў звязацца з кіраўніцтвам Індыі і дамовіцца аб набыцці дадатковых партый процівірусных прэпаратаў.
"Я папрашу прэм'ер-міністра, каб ён строга ўзяў на кантроль гэта пытанне, - даручыў Прэзідэнт. - Калі трэба, падключыце мяне. Я пагавару з прэм'ер-міністрам (Індыі. - Заўвага БЕЛТА)".
Аб набыцці апаратаў ШВЛ
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, часам у СМІ можна прачытаць матэрыялы аб праблемах з забеспячэннем раённых бальніц апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх. Маўляў, у якім-небудзь раёне можа не хапаць гэтага абсталявання, і тады хворых перавозяць на лячэнне ў суседні горад.
"Я хачу, каб людзі разумелі: мы не можам у кожную раённую бальніцу паставіць 10-12 апаратаў ШВЛ. Таму што яны не патрэбны будуць там, калі пройдзе гэты кавід. Я гаварыў аб тым, што гэта нятанна. Па-другое, іх вельмі складана цяпер набыць: там усё ўжо распісана. Недзе штук 15 мы яшчэ атрымаем да канца года, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але пытанне не ў гэтым. Калі тут на 100 працэнтаў загружаны апараты ШВЛ, а ў суседнім раёне з 10 толькі 2, дык чаму туды на машыне хуткай дапамогі за 40 кіламетраў не перакінуць чалавека? Страху тут абсалютна ніякага няма. Гэта наша пытанне, як лячыць чалавека, таму людзі павінны разумець становішча, якое сёння складваецца".
Прэзідэнт дадаў, што ў цэлым па краіне задзейнічана толькі каля 50 працэнтаў апаратаў ШВЛ, таму дадаткова закупляць гэта дарагое абсталяванне немэтазгодна.
Аб лячэнні ў стацыянарах
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў міністра аховы здароўя, што працягласць знаходжання пацыентаў у стацыянары будзе ўзята на асаблівы кантроль.
"У нас выразна выбудавана сістэма. Назіраем на амбулаторным лячэнні: сімптомы, тэмпература, закашляўся, страціў смак і іншае. Шпіталізуем пры пэўных паказчыках. Лечым. Пайшла нармальная дынаміка, выздараўлівае чалавек і можна не капаць і іншае - дадому. Не трэба па 7-10 дзён трымаць людзей, якія не маюць патрэбы ў такой працяглай шпіталізацыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што рэабілітацыю грамадзяне могуць праходзіць і ў тых жа санаторыях. "Таму яшчэ раз патрабую ад вас: не ператрымлівайце людзей у бальніцах. Так, у нас толькі палова ложкаў задзейнічана пад кавід, але не трэба забываць, што людзі маюць і іншыя хваробы: і анкалогія, і астма, сардэчна-сасудзістыя. Іх жа таксама трэба лячыць", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падагульніў, што ў бліжэйшы час мае намер наведаць некалькі ўстаноў аховы здароўя: "Буду глядзець менавіта гэтыя праблемныя бальніцы, праблемныя раёны, як там працуюць урачы і як Міністэрства аховы здароўя, упаўнаважаныя на месцах спраўляюцца з гэтымі праблемамі".
Аб планавай меддапамозе
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў не адмяняць аказанне планавай меддапамогі, як аб гэтым афіцыйна паведамлялася раней. "Зусім нядаўна Міністэрства аховы здароўя паведаміла аб тым, што спынены планавыя агляды. Дык вось, Аляксандр Мікалаевіч (памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец. - Заўвага БЕЛТА), вам як памочніку даручэнне: разам з Міністэрствам аховы здароўя неадкладна падрыхтаваць план мерапрыемстваў, каб не было адмены ніякіх планавых аглядаў. Я ведаю, у што гэта выліваецца, па першай хвалі, - даручыў кіраўнік дзяржавы. - Таму вы першы, Піневіч - другі. Урачы, чыноўнікі ад аховы здароўя, якія сядзяць тут, - у паліклінікі і прымайце людзей. Вядзіце дыспансерызацыю".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі размова ідзе аб некаторых відах рэабілітацыі, напрыклад, неабходнасці распрацоўваць ногі або рукі, то ў цяперашніх умовах гэта, магчыма, трэба рабіць і ў дамашніх умовах пры ўдзеле сваякоў. "А там, дзе трэба кансультаваць людзей і праводзіць планавыя аперацыі, нават планавыя кансультацыі, мне план на стол. Ніякай адмены планавых маніпуляцый, аперацый, кансультацый быць не павінна", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Аляксандр Мікалаевіч, адказваеце за гэта галавой. Людзі маюць патрэбу не проста ў медыцынскай падтрымцы. Калі яны да вас прыходзяць, пагавораць з вамі, ім ужо лягчэй будзе. У асноўным жа гэта старыя. Рашэнне прынята. Займайцеся. Асобна мне на наступным тыдні даложыце", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Аб рэгіянальных штабах па рэагаванні на сітуацыю з COVID-19
Такія штабы былі арганізаваны па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў лістападзе 2020 года. Адказнымі за іх работу былі вызначаны губернатары і памочнікі Прэзідэнта, а ў складзе штабоў - лепшыя ўрачы-інфекцыяністы, прадстаўнікі медыцынскай навукі, іншыя спецыялісты. "Гэта людзі, якім я не толькі давяраю, але гэта добрыя спецыялісты", - ахарактарызаваў рэгіянальныя штабы Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Прэзідэнт звярнуў увагу, што цяпер штабы па рэагаванні на сітуацыю з COVID-19 не задзейнічаны на поўную моц. "У мяне такое ўражанне, што вы не ў поўнай меры, мякка кажучы, запрэгліся ў гэтыя калёсы. Мы пакуль працуем не з поўнай аддачай і не ў поўным аб'ёме. Але хачу вас папярэдзіць, што перш за ўсё вы несяце адказнасць за тую вобласць, куды вы накіраваны", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, менавіта профільныя спецыялісты штабоў адказваюць за прыняцце неабходных мер у процідзеянні каранавірусу, а потым ужо губернатары. "Чаму? Таму што функцыі і ролі зусім іншыя. Вы - спецыялісты. Вы ведаеце, як лячыць, - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да спецыялістаў рэгіянальных штабоў. - Вы павінны пракантраляваць, дзе чаго не хапае".
"Вы павінны бачыць, чаго не хапае, падказаць, а губернатар у вас там, на месцы, - гэта ваша правая рука ў гэтым пытанні. Ён ваш памочнік, ваш забеспячэнец. Лякарствы, сродкі індывідуальнай аховы, ШВЛ, кісларод і іншае - ён павінен хутка вырашыць гэтыя пытанні", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што не павінны заставацца ў баку ад вырашэння надзённых праблем і ўпаўнаважаныя кіраўніка дзяржавы, і яго памочнікі, якія працуюць у абласцях. "Я пераканаўча вас прашу (не хачу даваць ніякіх ацэнак) падключыцца ў поўнай меры да арганізацыі лячэння людзей на месцах", - падкрэсліў беларускі лідар.
БЕЛТА