Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Неацэнныя ўрокі гісторыі. Круглы стол «Сіла народа – у адзінстве» прайшоў у раённым доме культуры і народнай творчасці

15.09.2025
 На круглы стол «Сіла народа – у адзінстве» ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці сабраліся прадстаўнікі розных грамадскіх арганізацый – РГА «Белая Русь», ГА «Беларускі саюз жанчын», прафсаюзных арганізацый, раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, а таксама работнікі ўстаноў культуры. У зале прысутнічаў лектар рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства «Веды» Сяргей Грэсь.

 Кандыдат гістарычных навук, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Сяргей Міхайлавіч, з самага пачатку прыцягнуўшы ўвагу неабыякавай аўдыторыі, данёс актуальную грамадска-палітычную, гісторыка-культурную інфармацыю па тэме «Аб’яднанне беларускага народа ў 1939 годзе як аб’ектыўны гістарычны працэс».

 Як ён адзначыў, уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі – справядлівая для беларусаў і неабходная для разумення станаўлення суверэннай беларускай дзяржаўнасці падзея – адбылося пры вельмі складаных і супярэчлівых абставінах. У процівагу негатыўным стэрэатыпам, якія склаліся апошнім часам у грамадстве ў дачыненні да знакавага для беларусаў года, прадстаўнік аб’яднання інфармацыйнай і грамадскай прасторы краіны пры асвятленні тэмы аперыраваў лічбамі, і прыведзеныя ім аргументы, яркая прэзентацыя матэрыялу далі дастаткова поўную карціну падзеі.

 Сапраўды, дата 17 верасня як своеасаблівы мост паміж мінулым і будучыняй і надалей будзе напамінам пра тое, што адзінства − перш за ўсё згуртаванасць нацыі, захаванне ёю культурна-гістарычных традыцый і духоўна-маральных каштоўнасцяў.

 Напрыканцы лектар выразіў адзінае меркаванне ўдзельнікаў сустрэчы: “Выступаючы адзіным фронтам, беларусы не проста аб’ядноўваюцца, а захоўваюць незалежнасць сваёй краіны. Гэта тая мэта, якой павінен прытрымлівацца кожны грамадзянін. Мы можам і павінны ўкладваць свае сілы ў далейшае развіццё Беларусі, яе дабрабыт. Галоўнае − рабіць усё разам, з любоўю і шчырай верай у пазітыўны вынік”.

Любоў ШЭЙКА

© Зельвенский районный исполнительный комитет, 2025.