Пра каломну каля вёскі Алексічы ніхто ніколі не пісаў. I мне знайсці нейкай інфармацыі пра яе так і не ўдалося. Міхась Скобла, аўтар кнігі «Дзярэчынскі дыярыюш», паведаміў, што, магчыма, каломна з’явілася ў XVII стагоддзі. Падобная стаяла і ў цэнтры Дзярэчына. Іх пабудавалі дамінікане. Дзярэчынская каломна з цягам часу разбурылася, а каля вёскі Алексічы – захавалася.
Сапраўды, каломна каля Алексічаў Зэльвенскага раёна – унікальны помнік з цэглы. Але на версе каломны ніколі не было гадзінніка, а быў крыж. Пра гэты факт сведчыць здымак каломны, зроблены ў 1930-х гадах. З версіяй Міхася Скоблы можна пагадзіцца. Але існуе і іншы факт, што гэты мемарыяльны слуп быў пабудаваны ў 1708 годзе. Яго ўзвялі шведскія воіны. Гэтым самым яны выказалі шчырую падзяку мясцоваму насельніцтву, якое шмат дапамагала шведам падчас руска-шведскай вайны. На каломне была нават мемарыяльная шыльда з тэкстам па-беларуску і па-шведску. Але, кажуць, яе знішчылі падчас Другой сусветнай вайны.
Цяпер мураваная каломна трохі пахілілася, як Пізанская вежа. Але ёй не пагражае падзенне, бо яна замацаваная на спецыяльным стрыжні на ўсю вышыню свайго збудавання.