Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Характарыстыка раёна

 

Характарыстыка раёна

         Тэрыторыя раёна складае 869,7 квадратных кіламетраў. Раён размешчаны ў паўднёвай частцы Гродзенскай вобласці і на поўначы мяжуе з Мастоўскімі Дзятлаўскім раёнамі, на ўсходзе – са Слонімскім, на захадзе – з Ваўкавыскім, на поўдні – з Пружанскім раёнам Брэсцкай вобласці.

         У раёне 126 населеных пунктаў. У склад 9 сельсаветаў раёна ўваходзяць 125 сельскіх паселішчаў, з якіх 11 аграгарадкоў.

         Па тэрыторыі раёна праходзяць рэспубліканскія аўтамабільныя дарогі: Баранавічы - Ваўкавыск - Пагранічны - Гродна (Р-99), Масты - Зэльва - Ружаны (Р-50), Зэльва - Дзярэчын - Мядзвінавічы (Р-142), Слонім - Масты - Скідзель - мяжа Літоўскай Рэспублікі (Р-41), чыгуначная лінія Гродна-Баранавічы. Працягласць дарог агульнага карыстання складае 550,4 км, у тым ліку рэспубліканскага значэння – 88,4 км, мясцовага значэння – 462,0 км.

         Адлегласць ад Зэльвенскага раёна да г. Мінска – 230 км, г. Гродна – 110 км, мяжы Рэспублікі Польшча – 49 км, Літоўскай Рэспублікі – 130 км.

 

Найбольш значныя прыродныя рэсурсы, іх выкарыстанне ў гаспадарчай дзейнасці

        На тэрыторыі раёна маюцца разведаннае радовішча гліністай сыравіны для вытворчасці грубай керамікі, прэсныя падземныя вады для вытворчасці бутыляванай вады. Паверхня раёна узнёсла-платападобная, на захадзе – Ваўкавыскае ўзвышша, на ўсходзе – Слонімскае, на поўначы – частка Нёманскай нізіны. 15% тэрыторыі ніжэй за 150 метраў над узроўнем мора. Вышэйшая кропка – 239 метраў – каля вёскі Мадзейкі, самая нізкая – 118 метраў – у пойме р. Зальвянка.

         Глебы сельскагаспадарчых угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя.    На тэрыторыі раёна працякае рака Зальвянка, прыток ракі Нёман.

          Па паўночна-ўсходняй частцы раёна працякае рака Шчара. У раёне 25 невялікіх рэк, якія маюць геаграфічная назвы. Найбуйнейшыя з прытокаў ракі Зальвянка: Сасва, Сіпа, Самараўка, Мартынаўка.Найбуйнейшы прыток ракі Шчара ў раёне – рака Луконіца.

         Гушчыня натуральнай рачной сеткі 0,43 кіламетры на кіламетр квадратны. Агульная даўжыня рэк у раёне 375 км.

      Агульная даўжыня асушальнай сеткі 1,8 тысячы кіламетраў.   Зэльвенское вадасховішча з'яўляецца найбуйнейшым вадаёмам у Гродзенскай вобласці, плошча якога складае 1190 гектараў і займае 18-е месца па плошчы ў рэспубліцы. Натуральных азёр на тэрыторыі раёна няма. Створана  17 сажалак плошчай больш за 1 гектар кожны.

         Лясістасць раёна складае 18,4% плошчы раёна. Ва ўзроставай структуры лясоў пераважаюць маладнякі і сярэднеўзроставыя лясы. Плошча паляўнічых угоддзяў раёна складае 73,2 тысячы гектараў. Асноўнымі паляўнічымі відамі з'яўляецца палявая і вадаплаўная дзічына: зайцы, лісы, качкі.

         У цяперашні час у раёне маецца 14 заказнікаў і помнікаў прыроды, у тым ліку 13 помнікаў прыроды і заказнікаў мясцовага значэння. З іх два гідралагічных заказніка – журавінавыя верхавыя балоты «Вішнёўка» і «Карэвін Луг», гідралагічны помнік прыроды «Крыніца Зенькаўская».

 Геалагічныя помнікі прыроды: «Камень-валун» ў ваколіцах в. Мадзейкі, «Выхад марэны Каралінскі», «Сакаліная гара Шуляцкая», «Калініцкі камень», «Гарадзішча Валькевіцкае», «Камень Клімавіцкі з ямкамі», «Закалонскі валун з ямкамі».

Дэндралагічныя  помнікі прыроды:  дуб дыяметрам 201 см, дуб-трайнік, хвоя дыяметрам 115 см.

          Ва ўрочышчы «Медухава» створаны біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння.

         Насельніцтва раёна складае 13 682 чалавек, у тым ліку ў гарадскіх умовах пражываюць 6 410 чалавек. Па нацыянальнаму складу: 70% - беларусаў, 23 % - палякаў, 5% - рускіх, 2% - іншых нацыянальнасцей.

© Зэльвенскі раённы выканаўчы камітэт, 2024.