Стварыць умовы для людзей. Лукашэнка абазначыў задачы па развіцці пасёлкаў гарадскога тыпу
21.04.2025
21 красавіка, Аршанскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць і наведвання аграгарадка Копысь абазначыў задачы па развіцці пасёлкаў гарадскога тыпу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адразу пасля прыбыцця кіраўнік дзяржавы спытаў адказных службовых асоб пра стан спраў у рэгіёне: "Як уражанні? Што дрэнна?"
Асаблівы акцэнт Прэзідэнт зрабіў на перспектывах развіцця пасёлкаў гарадскога тыпу. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час было прынята рашэнне аб пераўтварэннях у аграгарадку Копысь, каб на яго прыкладзе паказаць астатнім, як павінна быць. Зразумела, для развіцця прынцыпова важна наяўнасць працоўных месцаў. Таму тут было пабудавана дрэваапрацоўчае прадпрыемства Аршанскага лясгаса, на якім цяпер працуюць 50 чалавек. Многія прыязджаюць з іншых населеных пунктаў, у тым ліку з Оршы. Таму, як адзначыў Прэзідэнт, паўстае пытанне забеспячэння жыллём. "Людзі пераедуць, будуць жыць і працаваць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Для людзей трэба стварыць умовы".
Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці рэвізію стану спраў у пасёлках гарадскога тыпу, вызначыць перспектывы развіцця і што яшчэ трэба зрабіць.
"Паглядзім, як пасёлкі гарадскога тыпу прыводзяць у парадак. Чаго не хапае, абмяркуем, прымем меры. Але не жартуйце з агнём, шмат гаворым, але не ўсё робім", - падкрэсліў Прэзідэнт.
/Будзе дапоўнена/.-0-