Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Лукашэнка падпісаў інтэграцыйны дэкрэт, які зацвярджае саюзныя праграмы з Расіяй

05.11.2024
 

4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі, старшыня Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сёння на пасяджэнні гэтага саюзнага органа падпісаў дэкрэт ВДС "Аб Асноўных напрамках рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мерапрыемства праводзілася ў рэжыме відэаканферэнцыі. Падпісаны дакумент быў папярэдне завізаваны Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

"Нас тут усе крытыкавалі, чакалі, асабліва ў Расіі асобныя Telegram-каналы, падпішам мы з вамі ці не падпішам. Мы сёння адказваем на гэта пытанне ўсім Вышэйшым дзяржсаветам. Падпісваю. Я бачу, ваш подпіс (Прэзідэнта Расіі. - Заўвага БЕЛТА) пад дэкрэтам стаіць, усіх членаў ВДС. Калі вы не супраць, я падпішу дэкрэт. Але адказваць будзем усе, не толькі я", - сказаў Аляксандр Лукашэнка перад падпісаннем дакумента.

Як паведамлялася БЕЛТА, у развіццё Асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады распрацаваны пакет з 28 саюзных праграм, якія стануць практычнай асновай для паглыблення інтэграцыі.

Раней 9 верасня па выніках сустрэчы ў Маскве прэзідэнты Беларусі і Расіі ўзгаднілі ўсе саюзныя праграмы. "Вылучу самае галоўнае ў іх. Гэта роўныя правы для суб'ектаў гаспадарання нашых краін. Тыя самыя роўныя ўмовы, аб неабходнасці якіх розныя прадстаўнікі Беларусі, у тым ліку я як Прэзідэнт, гаворым на працягу многіх гадоў. Гэта аснова асноў. Мы - паўнапраўныя партнёры", - заявіў тады ў Крамлі Аляксандр Лукашэнка.

На наступны дзень, 10 верасня, саюзныя праграмы былі адобраны на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, якое праводзілася на тэрыторыі Беларусі.

У саюзных праграмах дакладна прапісаны механізмы развіцця адзінай эканамічнай прасторы: фарміраванне аб'яднаных галіновых рынкаў, рэалізацыя гарманізаванай фінансавай, падатковай, крэдытнай, цэнавай, гандлёвай палітыкі. У дакументах таксама закладзены вырашэнне праблемы паставак у Беларусь энерганосьбітаў, рост аб'ёму транспартных паслуг, фінансаванне новых інвестыцыйных праектаў, выхад на адзіныя прынцыпы рэалізацыі аграрнай і прамысловай палітыкі, павышэнне ўзроўню ўзаемных сацыяльных гарантый для грамадзян дзвюх краін.

Паводле ацэнак беларускага боку, толькі прамы эфект ад рэалізацыі інтэграцыйнага пакета для Беларусі прагназуецца ў росце ВУП прыкладна на $1 млрд, не ўлічваючы дадатковых магчымасцей для беларускага бізнесу на расійскім рынку.-0-

© Зэльвенскі раённы выканаўчы камітэт, 2024.