Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Лукашэнка падкрэслівае ролю адзінства ў АДКБ для захавання суверэнітэту і незалежнасці яе ўдзельнікаў

18.05.2024
Лукашэнка падкрэслівае ролю адзінства ў АДКБ для захавання суверэнітэту і незалежнасці яе ўдзельнікаў
 18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важную ролю адзінства ў АДКБ для захавання суверэнітэту і незалежнасці яе ўдзельнікаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з удзельнікамі пасяджэння Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Упэўнены, што дэвіз беларускага старшынства "Праз салідарнасць і супрацоўніцтва да міру і бяспекі" адпавядае інтарэсам усіх членаў АДКБ. Нельга ў сувязі з гэтым абысці пытанне аб адзінстве нашых шэрагаў. Беларусь у рамках свайго старшынства нацэлена на тое, каб прыкласці неабходныя намаганні для павышэння з'яднанасці дзяржаў - членаў АДКБ, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Менавіта ў зняцці існуючых супярэчнасцей бачым перспектыву ўмацавання арганізацыі, забеспячэння бяспекі і стабільнасці ў зоне яе адказнасці".

Прэзідэнт адзначыў, што часта з Прэзідэнтам Расіі абмяркоўвае адпаведную праблему: "Мы не хочам, каб у сувязі з уведзенымі супраць нас санкцыямі пад іх, супрацоўнічаючы з намі, трапілі і вы. Нам гэта абсалютна не патрэбна. Гэта будзе толькі горш. Але я хачу сказаць, што мы вельмі спадзяёмся, што вось гэтыя спробы нас разарваць не падзейнічаюць на наша адзінства. Галоўнае - эканоміка. Галоўнае - рынак".

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што шэраг краін на постсавецкай прасторы сутыкаецца з рознымі праблемамі і выклікамі. "Але мы неяк збіраліся разам, абмяркоўвалі праблемы. А часам рабілі сур'ёзныя дзеянні для таго, каб неяк супакоіць сітуацыю ў тым ці іншым пункце постсавецкай прасторы. Гэта дарагога варта. Нас спрабуюць развесці. Я, як чалавек вопытны, хачу вас папрасіць: акуратна, без шуму, не паддавайцеся на гэтыя хітрыкі! Вы павінны шукаць там, дзе лепш вам, дзе лепш вашым народам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў прыклад, што калі Таджыкістану выгадна гандляваць сваёй высакаякаснай агароднінай і фруктамі, то гэта трэба рабіць. А калі Грузіі выгадна лятаць у Маскву, а Маскве ў Тбілісі, то ў гэтым таксама няма нічога дрэннага. "Не - гэта дрэнна (заяўляюць апаненты і нядобразычліўцы. - Заўвага БЕЛТА). Вось на гэтым прыкладзе ўжо відаць, чаго яны хочуць", - заўважыў Прэзідэнт.

"Таму не дапусціце (вы, парламентарыі перш за ўсё) такога разрыву на гэтым вострым моманце нашай гісторыі. Уладныя людзі спрабуюць перадзяліць свет, і мы ў цэнтры гэтай увагі. Трэба трымацца адзін аднаго, трэба бліжэй у гэты час быць адзін да аднаго. Гэта наша палітыка. Мы вам яе прапануем. Я думаю, што іншай альтэрнатывы для захавання суверэнітэту і незалежнасці нашых дзяржаў няма", - упэўнены беларускі лідар.

Сваё слова ў гэтым павінна сказаць і Парламенцкая асамблея АДКБ, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Парламентарыі сваім актыўным удзелам у працэсах развіцця і ўмацавання патэнцыялу АДКБ змогуць садзейнічаць павышэнню ролі арганізацыі ў сістэме міжнародных адносін. "Паступальнаму руху наперад на гэтым напрамку будзе служыць таксама дакладнае прытрымліванне прынцыпу непадзельнасці бяспекі як неад'емная ўмова мірнага дыялогу, процідзеяння знешняму націску і санкцыям", - сказаў Прэзідэнт.

Ён выказаў упэўненасць, што пасяджэнне Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ у Мінску пройдзе ў абсалютна канструктыўнай атмасферы і будзе садзейнічаць прыняццю канкрэтных рашэнняў, накіраваных на ўмацаванне адносін сапраўднага саюзніцтва паміж дзяржавамі - членамі АДКБ. "Мы для гэтага будзем рабіць усё магчымае. На нас вы можаце разлічваць і не сумнявацца", - запэўніў беларускі лідар.

БЕЛТА

© Зэльвенскі раённы выканаўчы камітэт, 2024.