«Піце, госці, малако, будзеце здаровыя!» – так гучаў дэвіз брэндавага мерапрыемства, якое сёння прайшло ў Крывічах. Незвычайная ўрачыстасць сабрала ўсіх жыхароў і гасцей аграгарадка на свята малака.
Калі ў двары карова – будзе ежа на стале. Менавіта такімі словамі адкрываў свята малака старшыня Дзярэчынскага сельсавета Аляксандр Белякала.
З народнай мудрасцю не паспрачаешся. Канечне, з цягам часу на вясковых падворках малочнай жывёлы прыкметна паменшылася. Але па колькасці буронак (40!) крывіцкія гаспадары займаюць першае месца сярод населеных пунктаў сельсавета. А гэта значыць, што і вытворчасць гэтага незаменнага прадукта тут, канечне, не спынілася.
Аб любімым з дзяцінства напоі ў час свята спявалі песні і чыталі вершы, спрабавалі прыгатаваныя з яго пачастункі і, вядома, узнагароджвалі тых, дзякуючы каму карысны прадукт з’яўляецца на стале.
За найбольшую колькасць літраў здадзенага малака ўзнагароду атрымаў Аляксей Касенка. А самая высокая тлустасць малака ў рагулі, якая ўтрымліваецца на падворку Кацярыны Мамедавай. Буронка Ганны Лясоты перамагла ў намінацыі “Самы высокі ўдой”.
Прызы ад арганізатараў мерапрыемства таксама атрымалі гаспадары самай сімпатычнай, жвавай і сытай каровы, а таксама рагулі, у якой самыя вялікія рогі. А самі буронкі красаваліся на фотавыставе.
Гасцей свята частавалі ласункамі, якія мясцовыя гаспадыні прыгатавалі з малака – сырам, блінамі, пірагамі…