На кніжнай выставе “Творы гасцей Сакавін” можна было пабачыць ужо знаёмыя нам кнігі земляка, добры дзясятак кніг Сяргея Трахімёнка, часопісы з публікацыямі Іны Фраловай. (Чаму не было кніг Фраловай на выставе? На жаль, бібліятэка набыла іх толькі на свяце.)
Прадстаўляла гасцей Святлана Сонец, прэзентацыюрыхтавала Вольга Камякевіч. Як заўсёды, першым далі слова ініцыятару Сакавін Уладзіміру Мазго. І ён, як заўсёды, быў нешматслоўным:
– Мяне добра ведаюць. Я кожны год выступаю, няхай госці больш гавораць.
Уладзімір Мінавіч падзякаваў землякам і гасцям, што адклікаюцца на яго просьбы. Вершы, якія чытаў, былі прысвечаны землякам і знаёмым творцам. Арганізатары свята падарылі гасцям свята кліп на песню “Косы твае” з Валерыем Дайнэкам.
Іна Фралова – ураджэнка Мінска, але карані яе роду на Вілейшчыне. Таму яна так любіць наведвацца туды кожным летам. А нядаўна арганізавала для жыхароў вёскі Шыпкі цудоўнае свята – “Шыпоўскія плёсы”. Рэзананс быў надзвычай шырокі, што вельмі ўсцешыла паэтку: нездарма карпела над архіўнымі крыніцамі, ствараючы летапіс роднай вёскі бацькоў.
– Мы несліся насустрач вясне, – натхнёна гаварыла паэтка, дзелячыся ўражаннямі ад нашых краявідаў. Яна і ўспамінала, і вершы чытала, і нават казку разам з удзельніамі свята стварыць паспела.
Сяргей Трахімёнак нарадзіўся ў Сібіры. Але продкі яго – віцябляне. Яшчэ пад час сталыпінскай рэформы паехалі шукаць шчасце на бязмежныя сібірскія прасторы. Так ужо адбывалася міжволі, што даводзілася віцебскім сібіракам увесь час быць разам з беларусамі: дзед ваяваў тут у Першую сусветную вайну, бацька – у Другую. Так што нічога дзіўнага няма ў тым, што дарогі і Сяргея Аляксандравіча прывялі ў Беларусь.
На Зэльвеншчыне Сяргей Аляксандравіч упершыню, але чытачам раённай бібліятэкі вельмі добра знаёмы. Чаму так упэўнена кажу? Ды загляньце на лісткі зваротаў на кнігах Трахімёнка: там дзясяткі запісаў. Ну а калі хто пакуль не звяртаўся да вельмі цікавых кніг сёлетняга госця Сакавін, думаю, абавязкова гэта зробіць. Як правіла, ва ўсіх анатацыях пішуць, што Трахімёнак – аўтар дэтэктыўных твораў. З такім меркаваннем Сяргей Аляксандравіч катэгарычна не згодны. Застаецца праверыць, а заадно пазнаёміцца і з новымі кнігамі госця.
Разам з пісьменнікамі Зэльву наведалі і прадстаўнікі выдавецкага дома “Звязда”. Можна было набыць сярод шматлікіх кніг і творы Іны Фраловай, Сяргея Трахімёнка і Уладзіміра Мазго. Не толькі набыць, але і аўтограф атрымаць.
Яніна Шматко