7 мая прайшоў ужо традыцыйны тэлемост паміж навучэнцамі нашай школы і гімназіі “Вектар” горада Зеленаградска Калінінградскай вобласці. Анлайн-сустрэча адбылася ў фармаце адкрытага дыялогу. У кароткім відэафільме “Вайна ў сэрцы, у памяці, у кнігах” міжэрыцкія школьнікі расказалі аб тым, як ідзе падрыхтоўка да святкавання ўрачыстай падзеі.
Над аздабленнем фасада школы працавалі дружна ўсе. Вокны ўпрыгожвае кампазіцыя, у цэнтральнай частцы якой знаходзяцца тэматычныя надпісы “9 МАЯ” і “1941-1945”. На вокнах другога паверха размешчаны салют, а па баках ўвысь уздымаюцца галубы як сімвал міру, шчасця і надзеі.
Вучаніца 7 класа Валерыя Шэйка прыняла ўдзел у раённым этапе конкурсу сачыненняў “Мы – праўнукі Перамогі”. Яна акцэнтавала ўвагу на тым, што прабабуля Зінаіда Ігнатаўна не можа расказаць пра сябе. “ У маіх сілах, – сказала дзяўчына, – зрабіць гэта, каб герояў памяталі і шанавалі будучыя пакаленні”.
Свой уклад у падрыхтоўку да свята ўнеслі і малодшыя школьнікі, якія ў малюнках выказалі свае адносіны да падзей таго часу. Тэматычныя экскурсіі правялі актывісты школьнага музея Баявой Славы. Кожны, хто наведваў яго, не застанецца раўнадушным і зразумее, наколькі важна захаваць гістарычную памяць.
Добрымі ўчынкамі школьнікі выказваюць асабістую падзяку савецкім салдатам. Старшакласнікі ў рамках акцыі “Абеліск” займаюцца добраўпарадкаваннем брацкіх магіл на тэрыторыі мікрараёна школы. Навучэнцы ўпэўнены, што сваімі справамі і ўчынкамі яны будуць дастойны імён герояў сваёй малой радзімы.
Настаўнікі Ніна ВАЛАДАШЧЫК, Валянціна ЗАХАРКА