Галоўная / Навiны / Навіны раёна
14.04.2023

Ад яйкаў да анёлаў. У Зэльвенскім аддзеле рамёстваў аграгарадка Дзярэчын працуе штогадовая велікодная выстава-продаж

 

Адметнасць экспазіцыі ў тым, што менавіта рукамі мясцовых майстроў-рамеснікаў зроблены усе экспанаты. Дарэчы, тут іх знаходзіцца каля 60-ці. Выкананы вырабы у розных тэхніках – саломапляценні, мастацкай апрацоўцы тканіны, кераміцы.

Першымі наведалі выставу вучні Дзярэчынскай сярэдняй школы.

 У першую чаргу запрашаем на такія мерапрыемствы дзяцей, каб яны пераймалі традыцыі малой радзімы, знаеміліся з народнай творчасцю землякоў і далучаліся да дзеючых гурткоў, – рассказала загадчык аддзела рамёстваў Марыя Жоглік. – Радуе, што малодшае пакаленне цікавіцца рамесніцтвам.

Пасля знаёмства з кампазіцыямі школьнікі прынялі ўдзел у бяспройгрышнай латарэі і майстар-классах. Іх арганізавалі майстры народных промыслаў Вераніка Жамойціна (з міні-ўрокам па апрацоўцы тканіны), Міхаіл Грынцэвіч і Валерый Фіцінскі (разьба па дрэву), а таксама Ірына Дзерачэнік (кераміка), гурток пад кіраўніцтвам якой працуе па суботах і ў самой Зэльве на бясплатнай аснове.

Ацаніце велікодную выставу і вы: штодзённа, з 9:00 да 18:00 (з 13:00 да 14:00 – абед), акрамя панядзелка і аўторка (выхадныя), увесь красавік. Прыемны бонус – тут можна набыць сувенір, калі вы не вызначыліся з падарункам для блізкіх з нагоды свята.

Не прапусціце!

Дзіяна БЕБЕХ