Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
04.05.2023

"Вы бачыце, як прыгажэе родная зямля". Чаму для Лукашэнкі гэтак важны парадак у Беларусі

 У выніку наступстваў COVID-19 у свеце прыкметна вырас попыт на загарадную нерухомую маёмасць. Такі вынік даследаванняў адной з міжнародных кансалтынгавых кампаній. Апытанне таксама паказала, што кожны чацвёрты чалавек у свеце хацеў бы змяніць кватэру на ўласны дом. А што ў нас? Беларусы як з іншай планеты: іх яшчэ трэба ўгаворваць узяць участак зямлі і даглядаць яго. У новым выпуску праекта "Па факце: рашэнні Першага" мы раскажам, як стаць багатым усяго за адну базавую, чаму Першы не выносіць бязладнага стаўлення да зямлі і ці ёсць будучыня ў агратурызму.

"Яшчэ раз паўтараю: ну што ж гэта за ментальнасць такая? Сюды ўжо хлынулі ўсе: і з Расіі (дзякуй ім, расіянам), і недзе з Захаду, з Украіны (вы гэта ведаеце). Людзі прыязджаюць, каб жыць на гэтых свабодных участках. Я ж вас штурхаю да гэтага: вазьміце, калупайцеся на гэтай зямлі, дурасці менш будзе ў нашых галовах, на кавід хварэць не будзем. Няхай будзе сёння кавалачак у вас зямлі. А гэта ж да паўгектара можна ў вёсцы атрымаць. З'явяцца грошы - пабудуеце там дом. Не сабе, дык дзецям застанецца", - заявіў кіраўнік дзяржавы на мінулагоднім Пасланні беларускаму народу і парламенту.

Што ўяўляе сабой аграэкатурызм і ці запатрабаваны ён у беларусаў

У Беларусі амаль 80 працэнтаў насельніцтва - гараджане. Але, мяркуючы па пустых паркоўках на майскіх выхадных, складваецца адчуванне, што ў большасці ёсць домік у вёсцы. У кавідныя часы наш народ масава не збягаў за горад, хоць на свежым паветры рызыка падхапіць любы вірус мінімальная. Беларусы вельмі любяць дачны сезон. І гаворка не толькі пра пенсіянераў, якія вясной забываюць пра ўсе хваробы і да позняй восені прападаюць у агародах. Памідор са свайго парніка заўсёды самы смачны. І для дзяцей, і для бацькоў. Ды і турысты з задавальненнем уплятаюць нашу зеляніну з градкі. А агурок з мёдам - наогул экзотыка. Цікавасць да так званага сельскага турызму з кожным годам усё вышэйшая.

Паводле слоў дырэктара дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірыны Варановіч, у 2019 годзе працэнт наведвання беларускіх аграсядзіб замежнымі турыстамі быў вельмі высокі: "Да нас прыязджалі аўтобуснымі турамі. Ёсць аграсядзібы, якія праводзяць майстар-класы і канцэрты. Гэта карысталася асаблівым попытам і цікавасцю. Але калі пачалася пандэмія, гэты працэс крыху відазмяніўся. І сёння мы адзначаем рост унутранага турызму. Сярод наведвальнікаў такіх аграсядзіб стала больш нашых грамадзян, што таксама добра. Таму што аграэкатурызм - гэта альтэрнатыва выезду за мяжу. Людзі знаходзяць сябе ў гэтым адпачынку".

Ірына Варановіч лічыць, што вельмі важна забяспечыць наведвальнікаў аграсядзіб не толькі пражываннем, але і харчаваннем натуральнымі прадуктамі."Многія аб'ядноўваюцца ў кластарную сістэму, калі ў адной аграсядзібе можна атрымаць адзін спектр паслуг, а ў суседняй - зусім іншы. І за час пражывання ў адной аграсядзібе з наведваннем іншых можна атрымаць шмат цікавага. Карыстаецца попытам таксама актыўны від адпачынку, калі гаспадары аграсядзіб арганізуюць сплаў на байдарках, веласіпедныя прагулкі або прагулкі па экасцежках. Аграэкатурызм - гэта не вузкае паняцце, а шырокі комплексны пакет абслугоўвання турыстаў", - падкрэсліла яна.

Як у Беларусі адкрыць уласную аграсядзібу

Амаль 500 тыс. турыстаў адпачывалі ў мінулым годзе ў аграсядзібах. І гэта лічба ўмоўная, таму што шмат падарожнікаў спантанна заязджаюць у аграсядзібы на асабістых аўтамабілях. Попыт выклікае прапанаванне. Калі ў 2006 годзе ў Беларусі было крыху больш за сорак аграсядзіб, то ў гэтым годзе іх ужо больш як 3 тыс. Са студзеня ўступіў у сілу ўказ Прэзідэнта аб развіцці такога віду турызму. Цяпер, каб адкрыць аграсядзібу, трэба атрымаць дазвол ад мясцовых улад. Нарматыўны акт прызначаны выключыць магчымасць весці гасцінічны або рэстаранны бізнес пад выглядам аграэкасядзіб. Але гэта не значыць, што займацца такім відам дзейнасці стане складаней. Наадварот, ільготныя ўмовы захоўваюцца.

"Пачаць займацца такой дзейнасцю даволі проста, таму што ёсць ільготныя ўмовы. Гэта не прадпрымальніцкая дзейнасць, што аблягчае шлях афармлення. Важна жаданне і зямля, якая будзе выкарыстоўвацца па прызначэнні. У выпадку з домам ёсць агаворка - у ім павінна быць не больш за 10 пакояў для пражывання", - звярнула ўвагу Ірына Варановіч.

Яна падкрэсліла, што ў аграэкатурызм уваходзіць таксама вядзенне гаспадаркі або вырошчванне прадуктаў харчавання: "Таму мы гаворым, што кожная аграсядзіба адрозніваецца. Напрыклад, кулінарнымі рэцэптамі, характэрнымі для розных абласцей нашай краіны. Акрамя таго, многія на базе сваіх аграэкасядзіб адкрываюць, напрыклад, кантактны заапарк. Таму што сёння дзеці і моладзь, якія жывуць у горадзе, часта не ўяўляюць, як выглядаюць жывёлы ўжывую. Гэта таксама карыстаецца папулярнасцю - так можна пазнаёміць дзетак з тым, што яны бачылі толькі ў кніжках. Гэта значыць, спалучыць карыснае з прыемным".

Аграсядзіба - не ў камерцыйных мэтах, а для душы - сёння ўжо не раскоша. У Беларусі кожная сям'я пры жаданні можа абзавесціся ўчасткам. Прэзідэнт перыядычна звяртае ўвагу на пустуючыя тэрыторыі і закінутыя падворкі. Багацце ў літаральным сэнсе валяецца пад нагамі, трэба толькі яго разгледзець.

"У будучым усе людзі ў сельскай гаспадарцы будуць сканцэнтраваны ў аграгарадках, і ў вялікай гаспадарцы будзе максімум дзве буйныя вёскі. Усё. Гэта дробязь, так званыя неперспектыўныя вёскі, адпадзе. Але сёння ў любой вёсцы ёсць кінутыя прысядзібныя ўчасткі, а гэта ж - урадлівыя землі, якія з часам зарастаюць хмызняком. Давайце іх выратуем, апрацуем. Адзін раз апрацаваць і пасадзіць сады.Для нас важна затрымаць людзей у гэтых вёсачках. Трэба, каб прыехалі тыя, хто нарадзіўся там, бізнесмены пабудавалі там сабе жыллё, узялі гэты прысядзібны ўчастак . Вы знаходзіцеся ў цэнтры Еўропы, на скрыжаванні ўсіх шляхоў. Вазьміце гэты ўчастак, але апрацуйце. Гэта багацце чалавека - мець паўгектара зямлі ў цэнтры Еўропы", - звярнуў увагу на важнасць беражлівага выкарыстання пустуючых прысядзібных участкаў Аляксандр Лукашэнка ў час красавіцкай паездкі ў Гомельскую вобласць.

Чаму Лукашэнка з асаблівым хваляваннем ставіцца да малой радзімы

2018-2020 гады прайшлі пад знакам Года малой радзімы. Афіцыйна праграма складалася больш як са 120 мерапрыемстваў. Гэта і добраўпарадкаванне месцаў масавага адпачынку, і навядзенне парадку ў лесе і месцах пахаванняў, і многае іншае. Беларусы з задавальненнем уключыліся ў агульнарэспубліканскі флэшмоб. Тэма аказалася блізкая кожнаму, бо дзе б ты ні знаходзіўся, ты заўсёды адчуваеш любоў і пяшчоту да роднага месца. Ідэйным натхняльнікам і ініцыятарам правядзення трылогіі стаў Аляксандр Лукашэнка. У Прэзідэнта асаблівае замілаванне да малой радзімы.

"Я заўсёды з вялікім хваляваннем гляджу на гэту добрую зямлю. Вы для мяне людзі асаблівыя, вы гэта ведаеце. Менавіта з вас, вашых бацькоў усё некалі пачалося ў нас з вамі. Перш за ўсё ў мяне і ў маім жыцці. Калісьці вы зусім юнаму чалавеку паверылі і адправілі мяне з гэтай зямлі ў доўгі шлях. Асабліва моладзі хачу сказаць (я тады гэтага не разумеў), наколькі з цягам часу цягне дадому. Таму рана ці позна ўсе мы вернемся сюды дадому. Таму я з асаблівым хваляваннем і пачуццём заўсёды бываю тут. Але, як вы заўважылі, у Шклове я спыняўся вельмі рэдка. Можа, і ўплывалі гэтыя хваляванні. Але прыходзіць некалі час, калі цябе асабліва цягне дадому на радзіму. Кажуць, калі табе нешта часта сніцца, то трэба туды прыехаць. Таму я і прыехаў сёння да вас - сваіх блізкіх добрых людзей", - так у час візіту ў Шклоў на свята Светлага Вялікадня кіраўнік дзяржавы выказаў сваё чулае стаўленне да малой Радзімы.

Як кіраўнік дзяржавы рэагуе на безгаспадарчае стаўленне да зямлі

Прэзідэнт вельмі жорстка рэагуе на бязладнае стаўленне да зямлі. І няважна, які гэта рэгіён, пра вытворчасць ідзе размова ці пра поле. Вось чаму кіраўнік дзяржавы вельмі часта любіць звярнуць з запланаванага маршруту. Журналісты ведаюць: калі Першы ўбачыў безгаспадарчасць, могуць "паляцець пасады".

"Трэба кожны кавалачак пустуючых зямель заняць лясамі. Я ўжо не гавару аб месцах, дзе вы высеклі лес для нарыхтоўкі. Там лесааднаўленне павінна быць неадкладна. І былыя фермы вакол аграгарадкоў, буйных вёсак, якія захаваюцца і ў будучым. Дзе воданапорныя вежы былі, мехдвары, а цяпер іх няма. Колькі ў нас пустуючых такіх зямель! Тысячы і тысячы (гектар. - Заўвага БЕЛТА). Чаму мы там, дзе проста без вялікіх затрат можна высадзіць лес, гэтым не займаемся? А калі і займаемся, то спусціўшы рукавы", - раскрытыкаваў нядбайнае стаўленне да зямлі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы чыноўнікаў з дакладам на тэму лясной гаспадаркі ў сакавіку мінулага года.

Годам раней, на красавіцкай нарадзе аб сітуацыі ў сферы АПК, Прэзідэнт таксама выказваў нездавальненне безгаспадарчасцю на асобных фермах: "Мы пабудавалі жывёлагадоўчыя комплексы. Гэта дало нам магчымасць адысці амаль паўсюль ад вытворчых памяшканняў, якія на ладан дыхаюць і тэхналагічна не могуць забяспечыць вытворчасць. Інакш кажучы, мы кінулі старыя фермы і на дахах растуць дрэвы". Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: гэтыя аб'екты не павінны быць "помнікамі безгаспадарчасці", а вызваляемыя землі павінны выкарыстоўвацца пад патрэбы сельскай гаспадаркі. "Прыводзьце ўсё ў парадак!" - рашуча запатрабаваў у чыноўнікаў беларускі лідар.

Дзе атрымаць інфармацыю аб пустуючых дамах, якія прадаюцца

Пустуючых і старых дамоў становіцца менш - шмат у чым дзякуючы ўказу Прэзідэнта, які дае магчымасць выкупіць дом у вёсцы ўсяго за адну базавую велічыню. І гэта добры варыянт для тых, каму не застаўся ў спадчыну бацькоўскі дом. Акрамя таго, з 2023 года ў Беларусі запусцілі Адзіны рэестр пустуючых дамоў. Гэта спецыялізаваны рэсурс, дзе сабрана інфармацыя аб пустуючых будынках, якія патэнцыяльна можна набыць у рамках усё таго ж указа. Раней адзінай базы не існавала, а цяпер усе даныя знаходзяцца ў адкрытым бязвыплатным доступе ў інтэрнэце.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання зямельных адносін, землеўпарадкавання і зямельнага кадастру Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Вікторыя Верына расказала аб рабоце Адзінага рэестра пустуючых дамоў, які можна знайсці ў адкрытым доступе ў інтэрнэце: "Сутнасць гэтага рэестра заключаецца ў адлюстраванні ў рэжыме рэальнага часу інфармацыі аб такіх дамах. Акрамя таго, вядзенне рэестра садзейнічае знаходжанню ўласніка. Напрыклад, калі ўласнік не знаходзіцца ў тым населеным пункце, а выехаў за мяжу. Грамадзяне могуць даведацца, што гэты дом можа быць прызнаны пустуючым і звярнуцца з паведамленнем аб планах на яго выкарыстанне".

Акрамя таго, рэестр дае магчымасць праз інтэрнэт глядзець дамы, якія цяпер прадаюцца. "Калі кагосьці зацікавіць такі дом, можна звярнуцца ў сельскі або раённы камітэт і ўдакладніць усе нюансы. Якім чынам прадаецца дом - шляхам прамога продажу або праз аўкцыён, на ўдзел у якім можна заявіцца. З пачатку года прададзена больш за 110 дамоў. Яшчэ змешчана інфармацыя аб 150 дамах. Усяго ў Адзіным рэестры знаходзіцца каля 8,5 тыс. дамоў, адносна якіх цяпер ідзе работа", - рэзюмавала Вікторыя Верына.

Цікава, што з дапамогай рэестра можна нават даведацца характарыстыкі жылога дома. Напрыклад, матэрыял сцен, плошчу, працэнт зносу, дату будоўлі і іншае. Але калі купіў, то будзь ласкавы прывесці ў парадак. Участак павінен выкарыстоўвацца эфектыўна. Хоць гэта датычыцца любога падворка: кожнаму дачніку трэба памятаць, што за смецце і няскошаную траву можна атрымаць штраф. Нам жа прыемна, калі замежныя госці едуць па нашых населеных пунктах і вохкаюць: як жа ў вас чыста і акуратна.

Для чаго ў Беларусі па-ранейшаму праводзяцца суботнікі

"Вы бачыце, як прыгажэе родная зямля, становяцца зелянейшымі, больш утульнымі гарады і пасёлкі. Усё зроблена вашымі рукамі. Вы робіце гэта перш за ўсё для сябе, сваіх дзяцей і ўнукаў. Мы разам ствараем нашу Беларусь для жыцця. І нядзіўна, што многія турысты адзначаюць не толькі прыгажосць і чысціню Беларусі, але нават знаходзяць тут нешта сваё. Тое, што нагадвае ім дарагія сэрцу родныя мясціны", - заявіў кіраўнік дзяржавы на свяце "Купалле" ў Александрыі ў 2019 годзе.

У рэспубліканскім суботніку прынялі ўдзел 2,385 млн беларусаў. І, што б там скептыкі не гаварылі пра "саўковасць" і перажыткі мінулага, гэта тая традыцыя, ад якой беларусы не адмовяцца. Сабраліся талакой, зрабілі краіну яшчэ прыгажэйшай, а таксама і грошы сабралі на добрыя справы. На марафоне чысціні зарабілі больш за Br14 млн. Іх накіруюць на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці і на стварэнне рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці. Як бы пафасна гэта ні гучала, але праца надае высакароднасць. І робім мы гэта ўсё не для малой ці вялікай радзімы, а ў першую чаргу для сябе і сваіх дзяцей.

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.

БЕЛТА