Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
16.06.2022

Перашкаджаць адраджэнню нацызму: прынята рэзалюцыя міжнароднай парламенцкай канферэнцыі

 15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прынята падагульняючая рэзалюцыя міжнароднай парламенцкай канферэнцыі "Гістарычная памяць: Вялікая Перамога, здабытая адзінствам", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Прынятай рэзалюцыяй удзельнікі канферэнцыі, спасылаючыся на палажэнні Статута ААН, хочуць нагадаць сусветнай грамадскасці, што Рэспубліка Беларусь з'яўляецца сузаснавальніцай арганізацыі. Гэта адбылося менавіта за ўклад у Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, за тыя беды, якія зведаў беларускі народ. Мы хочам нагадаць усяму свету, усёй сусветнай супольнасці, міжнародным парламенцкім структурам аб неабходнасці недапушчэння фальсіфікацыі гісторыі. На ўсіх міжнародных парламенцкіх пляцоўках мы павінны перашкаджаць адраджэнню ідэй нацызму", - сказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч.

Паводле яе слоў, у рэзалюцыі таксама гаворыцца аб тым, што трэба шырэй праводзіць адукацыйную работу, прыцягваць да яе моладзь, грамадскія арганізацыі, медыйныя структуры. "Толькі так - разам, плячо ў плячо - мы зможам абараніць памяць аб Вялікай Перамозе і стагоддзямі будзем горда несці сцяг Вялікай Перамогі", - адзначыла парламентарый.

Мерапрыемства праходзіла ў двухдзённым фармаце. Да ўдзелу былі запрошаны дэлегацыі парламентаў з краін - былых рэспублік СССР, прадстаўнікі Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў - удзельніц СНД, Парламенцкай асамблеі АДКБ, Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі, дзяржаўных органаў, навуковай і экспертнай супольнасцей. Мэты правядзення канферэнцыі - аб'яднанне намаганняў міжнароднай супольнасці па абароне гістарычнай памяці, абмен вопытам у галіне заканадаўчага рэгулявання пытанняў недапушчэння рэабілітацыі нацызму, гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, узмацненне міжпарламенцкага ўзаемадзеяння на прасторы СНД па процідзеянні фальсіфікацыі гістарычнай праўды і памяці аб падзеях Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

БЕЛТА