Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, вынікі супрацоўніцтва бакоў у 2022 годзе ўражваюць. Тавараабарот павялічыўся амаль на паўмільярда долараў і дасягнуў рэкордных $2,2 млрд. "Не кожныя з дзяржаў у свеце могуць пахваліцца такім тавараабаротам, як у нас", - заўважыў Прэзідэнт. У гэтым годзе тэндэнцыя да росту захоўваецца. Ужо ў студзені-лютым зафіксаваны прырост у 1,4 раза, а ў экспарце беларускай прадукцыі - у 1,7 раза. "Гэтым перш за ўсё абумоўлена наша вельмі цеснае і зацікаўленае стаўленне да Санкт-Пецярбурга. Ведаю, што ў вас вялікая цікавасць да Беларусі. Будзьце ўпэўнены: мы гатовы аддаць апошняе, але рэалізаваць тое, аб чым дамовіліся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт станоўча ацаніў падыход кіраўніцтва Санкт-Пецярбурга да вырашэння пастаўленых задач: калі ўжо там бяруцца за нейкае пытанне, то вырашаюць яго маштабна, якасна і, самае галоўнае, у тэрмін. "Я вас хачу запэўніць, што такое ж стаўленне будзе і з боку Беларусі да Піцера", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падзякаваў кіраўніцтву Санкт-Пецярбурга за магчымасць удзелу беларускіх прадпрыемстваў у маштабнай транспартнай рэформе пасажырскага парку горада. "Паверце, мы будзем рабіць усё, каб нашы родныя людзі ў Піцеры атрымалі самы сучасны і якасны прадукт з Беларусі", - запэўніў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго даных, у 2022 годзе больш за тысячу аўтобусаў МАЗ выйшлі на гарадскія маршруты Паўночнай сталіцы, прадаўжаюцца пастаўкі тралейбусаў "Белкамунмаша". У Санкт-Пецярбурга ёсць планы па закупках аўтобусаў самай вялікай умяшчальнасці. "Гэта правільна, мы таксама гэтым шляхам ідзём. Думаю, што мы вам у гэтым плане будзем цікавыя", - выказаў меркаванне Прэзідэнт.
"Мы вітаем планы Санкт-Пецярбурга па выкарыстанні электробусаў. У Мінску напрацаваны сур'ёзны вопыт эксплуатацыі гэтай навінкі. Гатовы падзяліцца, калі ў вас будзе такая зацікаўленасць, нашым вопытам", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.
Добра сябе зарэкамендавала за час эксплуатацыі мінулай зімой на вуліцах Піцера беларуская камунальная тэхніка. У сувязі з гэтым Прэзідэнт Беларусі згадаў выпадак, калі Прэзідэнт Расіі вырашыў паказаць лідарам замежных краін свой родны горад. "Ніхто гэтага не чакаў, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я наогул быў уражаны чысцінёй і парадкам у Піцеры, прынамсі, там, дзе я пабываў. Я думаў, што Мінск самы чысты горад. Я прыехаў сюды, і ў Мінску ў нас была прадметная размова з мэрам. Гавару: трэба ехаць у Піцер вучыцца, як прыбіраць. Хоць мае словы чамусьці былі раскрытыкаваны некаторымі сродкамі масавай інфармацыі ў вас. Мяне гэта здзівіла. Але я тое, што ўбачыў, аб тым і сказаў".
Прадаўжаючы размову аб магчымых сферах супрацоўніцтва, кіраўнік дзяржавы згадаў аб рэалізацыі ў Санкт-Пецярбургу праграмы абнаўлення ліфтавага абсталявання. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што айчынны "Магілёўліфтмаш" задаволіць запыты Піцера, нават нягледзячы на вялікую загрузку і колькасць заявак ад іншых пакупнікоў ліфтавага абсталявання.
"У двухбаковым дыялогу абавязкова прысутнічае тэма харчовай бяспекі. У структуры беларускага экспарту ў Піцеры пастаўкі прадуктаў харчавання стабільна займаюць першае месца, дасягаючы 40 і больш працэнтаў. Мы гэтым, Аляксандр Дзмітрыевіч, вельмі даражым, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я часта гавару Прэзідэнту Расіі: вось з Піцерам у нас атрымліваецца ўсё, з Масквой - на жаль, не вельмі (але гэта і мы самі вінаватыя.) Мы хацелі б працаваць у дзвюх сталіцах Расіі. Але з Піцерам у нас у гэтым плане вельмі цёплыя, добрыя адносіны, і яны відаць на практыцы".
Асаблівы акцэнт кіраўнік дзяржавы зрабіў на якасці беларускіх прадуктаў харчавання, якая забяспечана ў тым ліку дзякуючы захаваным яшчэ з савецкіх часоў ДАСТам. "Сёння мы атрымліваем ад гэтага значны эфект. За мінулы год толькі прадуктамі харчавання мы нагандлявалі больш як $8 млрд. Ніводная галіна столькі не прынесла нам даходу, колькі гэта. І гэта звязана з якасцю. У Расіі нашы прадукты харчавання зарэкамендавалі сябе", - сказаў ён.
Размова ішла таксама аб магчымасцях павелічэння турыстычных абменаў. "Можа, трэба пачаць з арганізацыі максімальна зручных транспартных зносін. У далейшым створым сумесныя турыстычныя прадукты і аб'яднаем наведванне Паўночнай сталіцы і Беларусі", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Увогуле, па ўсіх напрамках - гуманітарным, у прамысловасці, сельскай гаспадарцы - ёсць над чым працаваць", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
БЕЛТА