20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад КДБ рашуча спыняць дзейнасць замежных спецслужбаў на тэрыторыі краіны. Аб гэтым ён заявіў, прымаючы кадравыя рашэнні ў структуры органаў дзяржбяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нашай дзяржаве вашымі рукамі і розумам трэба своечасова выкрываць розныя замашкі і негатыўныя тэндэнцыі ў адносінах да нашай дзяржавы. Трэба спыняць, прытым вельмі рашуча, дзейнасць замежных спецслужбаў на тэрыторыі Беларусі", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што назначэнні будуць садзейнічаць умацаванню органаў дзяржбяспекі. "Усё, што адбываецца вакол нас, вы ведаеце не горш за мяне. На тую палітыку добрасуседства, якую мы прапанавалі нашым суседзям - палякам, літоўцам і латышам, улічваючы бязвізавую прастору, - яны адказваюць адваротным чынам. Мы бачым і спробу акрамя інфармацыйнай вайны навязаць нам вайну дыверсійных груп. Мы таксама гэта адзначаем апошнім часам і вядзём барацьбу супраць гэтага, - сказаў Прэзідэнт. - Мы бачым, што яны рыхтуюць розныя ўзброеныя атрады і ледзь ці не палкі, як яны іх называюць, каб ажыццявіць уварванне на тэрыторыю Беларусі. Пра гэта шмат было сказана".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў і аб санкцыях, якія ідуць уразрэз з міжнароднымі нормамі: "Гэта эканамічная фактычна дыверсія і вайна супраць Беларусі. Парушаючы ўсе міжнародныя дагаворы і ўсе міжнародныя пагадненні. Дапусцім, яны маюць перад намі абавязацельствы як краінай, якая не мае выхаду да мора. Яны не маюць права нас блакіраваць. Гэта міжнароднае пагадненне. Тым не менш ведаеце, што адбываецца".-0-