Прэзідэнт адзначыў, што сённяшняя ўрачыстасць традыцыйна прымеркавана да самага шануемага беларусамі, асабліва старэйшага пакалення, свята - Дня Вялікай Перамогі. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што 78 гадоў таму (2 мая 1945 года) Берлін ужо быў адолены, і асноўную ролю ў гэтым адыграў 1-ы Беларускі фронт пад камандаваннем маршала Жукава.
"У тыя майскія дні рабочыя і сяляне з радасцю праводзілі мітынгі і бралі на сябе павышаныя працоўныя абавязацельствы: вайна скончылася. І мы захавалі гэту святую традыцыю", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што напярэдадні Дня Перамогі дзяржаўныя ўзнагароды ўручаюцца тым, хто, як і гераічныя бацькі, маці, дзяды беларусаў, не шкадуе сіл, таленту, часу, а таксама і жыцця для заваявання прафесійных вяршынь на карысць роднай краіны.
На цырымонію ў Палац Незалежнасці былі запрошаны некалькі дзясяткаў чалавек. Большасць з іх перажылі радасць менавіта працоўных перамог і прадстаўляюць самыя мірныя прафесіі, адзначыў Прэзідэнт. Дзяржаўных узнагарод і ганаровых званняў удастоены прадпрыемства - вытворца малочнай прадукцыі, настаўнікі і ўрачы, дзеячы культуры і вучоныя, будаўнікі і прамыслоўцы, вытворцы тэхнікі, транспартнікі і эканамісты, вынаходнікі і юрысты. А таксама тыя, хто выбраў справай свайго жыцця палёты ў неба, прысвяціў сябе мастацтву, захоўвае беларускую запаведную прыроду, з ювелірнай дакладнасцю стварае прыгожае.
У ліку ўзнагароджаных прадстаўнікі Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі, органаў унутраных спраў і пагранічнай службы. "Усе тыя, хто апошнім часам абясшкоджвае тых дыверсантаў, якія закідваюцца на нашу тэрыторыю. Як бачыце, гісторыя паўтараецца. Дзякуй вам, хлопцы, за выдатную службу. Тое, што вы робіце, - штодзённая перамога над нашым ворагам, беспрынцыповым і бязлітасным. Але мы мацнейшыя. Таму што за намі праўда. Як і ў Вялікую Айчынную, мы абараняем свой дом, сваіх дзяцей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ордэн Пашаны Аляксандр Лукашэнка ўручыў генеральнаму дырэктару нацыянальнага парку "Нарачанскі" Васілю Каржову і члену раённай арганізацыі ветэранаў Ленінскага раёна Гродна Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Валянціне Баранавай. Гэтай узнагароды таксама былі ўдастоены намеснік начальніка аддзела дзяржаўнага абвінавачання Генеральнай пракуратуры Міхаіл Кавалёў, першы намеснік дырэктара па закупках ААТ "АМКАДОР" - кіруючая кампанія холдынга" Уладзімір Бараноўскі і трактарыст-машыніст гаспадаркі "АграНіва" Валерый Якубіч.
Ордэн Францыска Скарыны з рук кіраўніка дзяржавы атрымаў мастак-скульптар Іван Міско. Заслугі лектара-музыказнаўца Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча Вольгі Брылон, артыста-вакаліста Маладзёжнага тэатра эстрады Людмілы Радзіёнавай, загадчыка лабараторыі радыёфатонікі дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання "Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка" Аляксандра Чыжа адзначаны медалём Францыска Скарыны.
У час цырымоніі Прэзідэнт таксама ўручыў дыпломы аб прысваенні ганаровых званняў. Заслужаным артыстам стаў вядучы майстар сцэны Беларускай дзяржаўнай філармоніі Уладзіслаў Плігаўка. Дырэктару Магілёўскай гарадской капэлы Сяргею Лішчанку прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы нумар 34 Магілёва Галіне Бяляевай - ганаровае званне заслужанага настаўніка.
Ордэнам Працоўнай Славы ўзнагароджана гродзенскае прадпрыемства "Малочны Свет". Яно адзначана ўзнагародай за значныя дасягненні ў перапрацоўчай прамысловасці, эфектыўную дзейнасць і выраб прадукцыі высокай якасці.
"Ад усяго сэрца віншую вас з заслужанымі ўзнагародамі. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і натхнення. З надыходзячым Днём Перамогі! Няхай гэта ўсенародна любімае свята і асаблівая цырымонія, прымеркаваная да яго, служаць для вас пуцяводнай зоркай на шляху да новых прафесійных і жыццёвых поспехаў", - пажадаў кіраўнік дзяржавы.
БЕЛТА