Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
15.05.2023

Гісторык пра аднаўленне Беларусі: да вайны ў краіне пражывала 10 млн чалавек, а пасля - 6 млн

 14 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аднаўленне Беларусі пасля Вялікай Айчыннай вайны доўжылася 10 гадоў. Аб гэтым у інтэрв'ю БЕЛТА расказаў загадчык Цэнтра гісторыі Беларусі канца XVIII - XXI стагоддзяў Інстытута гісторыі НАН Мікалай Смяховіч.

Паводле слоў Мікалая Смяховіча, аднаўленчы перыяд у Беларусі завяршыўся недзе да 1954 года, гэта значыць доўжыўся фактычна на працягу 10 гадоў. "Мінск аднавіўся хутчэй, таму што стаяла задача ўкласціся прыкладна за 5 гадоў. Іосіф Сталін паставіў дастаткова жорсткую задачу для мясцовых улад. Што датычыцца паказчыкаў сельскай гаспадаркі, то мы дасягнулі ўзроўню 1940 года таксама толькі прыкладна праз 10 гадоў. У першую чаргу аднаўлялася гарадская гаспадарка і прамысловыя прадпрыемствы, але гэтага нельга было зрабіць без энергетыкі. Трэба было адбудоўваць жыллёва-камунальную гаспадарку, сантэхніку, таму на гэта ішла асноўная маса грошай, што выдзялялася савецкім урадам", - расказаў гісторык.

Аднак праз 10 гадоў былі адноўлены толькі матэрыяльныя страты. Што датычыцца людскіх рэсурсаў, то да вайны ў БССР пражывала 10 млн чалавек, а пасля засталося крыху больш за 6 млн. "Толькі недзе да 1960-х гадоў у Беларусі зноў налічвалася каля 10 млн чалавек. Гэта колькасць была дасягнута ў тым ліку за кошт таго, што ў Беларусь запрашалася шмат людзей з саюзных рэспублік. Большасць з іх заставаліся. Дзякуючы развіццю прамысловасці і будаўнічай галіны ў Мінску пачаўся хуткі рост насельніцтва. Калі ўзяць па маштабах Саюза, то Мінск займаў першае месца па росце колькасці насельніцтва", - сказаў на заканчэнне вучоны.

БЕЛТА