Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
07.04.2025

Дырэктыва аб дысцыпліне, нечаканыя кадры, фінансы ў спорце і валявая перамога. Вынікі тыдня Прэзідэнта

 Рабочы графік Прэзідэнта Беларусі заўсёды вельмі насычаны падзеямі. Аляксандр Лукашэнка праводзіць нарады і рабочыя сустрэчы па найбольш актуальных пытаннях развіцця краіны, рэгулярна бывае ў рэгіёнах, робіць замежныя візіты і сам прымае замежных гасцей, размаўляе з журналістамі, падпісвае ўказы і законы. І нават калі публічных мерапрыемстваў няма, гэта зусім не значыць, што кіраўнік дзяржавы не працуе. Дарэчы, і падчас адпачынку, хакейная трэніроўка гэта ці рубка дроў, Аляксандр Лукашэнка не-не ды і знойдзе нагоду для чарговага даручэння. Як ён любіць гаварыць, трэба ва ўсім ісці ад жыцця.

Праект "Тыдзень Прэзідэнта" - для тых, хто хоча ісці ў нагу з кіраўніком дзяржавы, быць у курсе самых актуальных заяў і рашэнняў беларускага лідара.

Рабочы тыдзень кіраўнік дзяржавы пачаў з вырашэння кадравых пытанняў. Назначаны новыя старшыні Гродзенскага і Мінскага аблвыканкамаў. Гэтыя пасады былі вакантнымі пасля таго, як папярэднія кіраўнікі ўвайшлі ў кіраўніцтва ўрада. Цяпер на чале рэгіёнаў, адпаведна, Юрый Караеў і Аляксей Кушнарэнка. А паколькі апошні да гэтага ўзначальваў Мінэнерга, то змяніўся кіраўнік і ў гэтым ведамстве - на павышэнне з пасады намесніка міністра пайшоў Дзяніс Мароз.

Вельмі прыкметным на тыдні быў беларуска-расійскі парадак дня. У сераду 2 красавіка ў краінах адзначылі Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з гэтым святам свайго калегу Уладзіміра Пуціна і іншых прадстаўнікоў вышэйшага кіраўніцтва Расіі. У віншаванні народам дзвюх краін ён падкрэсліў, што толькі разам можна процістаяць выклікам часу.

У аўторак 1 красавіка Аляксандр Лукашэнка прымаў у Палацы Незалежнасці губернатара Пензенскай вобласці Расіі Алега Мельнічэнку. На сустрэчы Прэзідэнт адзначыў, што Беларусі і Расіі з улікам набытага вопыту важна арыентавацца перш за ўсё на свае магчымасці, а не спадзявацца на нешта звонку.

Абмеркаванне беларуска-расійскай тэматыкі прадоўжылася і ў пятніцу 4 красавіка - Прэзідэнт прыняў з дакладам прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына, які гэтымі днямі на чале ўрадавай дэлегацыі зробіць афіцыйны візіт у Расію. У гэтым плане дадзены неабходныя наказы і даручэнні.

Важнай унутрыпалітычнай падзеяй стала пасяджэнне Савета бяспекі Беларусі. На разгляд быў вынесены даклад аб стане нацыянальнай бяспекі па выніках 2024 года, а таксама мерах па яе ўмацаванні.

На заканчэнне рабочага тыдня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях падтрымкі ў спорце. Парадак скарэкціруюць, каб у тым ліку больш раўнамерна размеркаваць сродкі паміж клубамі і забяспечыць роўныя стартавыя магчымасці. А далей - выключна зразумелая і празрыстая формула, на якой ужо даўно настойвае кіраўнік дзяржавы: "Даяце рэзультат - атрымліваеце грошы, і перш за ўсё дастойную заработную плату. Няма рэзультату - няма грошай".

У суботу на "Алімпік-Арэне" ў Мінску не на жарт кіпелі хакейныя эмоцыі. Трэба сказаць, што інтрыга была нават большая, чым у матчы НХЛ "Вашынгтона" супраць "Чыкага", па ходзе якога расійскаму хакеісту Аляксандру Авечкіну ўдалося паўтарыць рэкорд легендарнага канадца Уэйна Грэцкі па колькасці забітых галоў. На мінскім лёдзе ў фінальным матчы пераможцай РХЛ (Рэспубліканскай хакейнай лігі) стала каманда Прэзідэнта Беларусі. І хоць у яе статусе фаварыта ніхто не сумняваўся, але падчас гульні на табло быў пагрозлівы лік 1:4 не на карысць прэзідэнцкай дружыны. І толькі дзякуючы спартыўнай волі і ў ходзе вострай барацьбы ў асноўны час матчу ўдалося выйсці на нічыю - 5:5. У авертайме гледачы не ўбачылі закінутых шайбаў, а ў серыі булітаў мацнейшай аказалася каманда Прэзідэнта.
На тыдні кіраўнік дзяржавы падпісаў шэраг важных і асноватворных дакументаў. З іх у першую чаргу варта вылучыць Дырэктыву аб удасканаленні работы органаў улады, узмацненні выканальніцкай дысцыпліны. Дакумент накіраваны на кардынальнае павышэнне эфектыўнасці функцыянавання сістэмы органаў дзяржаўнай улады, кіраўніцкай дзейнасці, узмацненне выканальніцкай дысцыпліны, сацыяльна адказнага стаўлення кожнага да працы.

Яшчэ адзін ключавы дакумент - указ, якім зацверджаны прыярытэтныя напрамкі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў краіне на 2026-2030 гады. У якасці такіх вызначаны лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект, інавацыйныя тэхналогіі ў прамысловасці, біялагічныя і медыцынскія тэхналогіі, інавацыйныя тэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе і харчовай прамысловасці, навуковае і навукова-тэхнічнае забеспячэнне бяспекі чалавека, грамадства і дзяржавы.

Распараджэннем Прэзідэнта зацверджаны тэрміны правядзення XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Асноўныя дні правядзення фестывалю - 10-13 ліпеня, для гасцей культурнага форуму ўстаноўлены бязвізавы парадак уезду ў Беларусь.

Падпісаны ўказ аб рэалізацыі інвестпраекта па ўкараненні ў Беларусі тэхналогіі 5G.

Навацыі будуць і ў судовай сферы. Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб утварэнні Апеляцыйнага эканамічнага суда, які ў статусе працэсуальнага органа пачне сваю работу з 1 студзеня 2026 года.

Аляксандр Лукашэнка на тыдні таксама павіншаваў замежных лідараў з завяршэннем святога месяца Рамадан і надыходам свята Ураза-байрам (Ід аль-Фітр). Віншавальныя пасланні былі адрасаваны лідарам ААЭ, Саудаўскай Аравіі, Амана, Катара і Пакістана.

Ад імя беларускага народа і сябе асабіста Прэзідэнт павіншаваў прэм'ер-міністра Славакіі Роберта Фіца з 80-й гадавінай вызвалення Браціславы ад нацысцкай акупацыі.

У адрас Прэзідэнта Лаоса Тханглуна Сісуліта накіравана спачуванне ў сувязі са смерцю чацвёртага Прэзідэнта гэтай краіны Кхамтая Сіпхандона.

НЕСТАНДАРТНЫ ХОД. Каму Лукашэнка даверыў кіраваць ключавымі абласцямі і хто павінен "аддаць жыццё"

У панядзелак, 31 сакавіка, у Прэзідэнта быў кадравы дзень. Назначэнні не масавыя, але ад таго не менш значныя. Пасля пераходу Аляксандра Турчына і Уладзіміра Караніка на працу ва ўрад пасады кіраўнікоў Мінскай і Гродзенскай абласцей былі вакантнымі, і зацягваць з такімі важнымі назначэннямі было ніяк нельга.

Прымаючы кадравыя рашэнні, Прэзідэнт адкрыта сказаў, што недахопы ёсць у кожнага чалавека, у тым ліку і ў яго самога. Але важна, каб станоўчае ўсё ж такі істотна пераважала і чалавек быў здольны справіцца з ускладзенай на яго адказнасцю. А яшчэ, займаючы высокія пасады, трэба разумець сваю адказнасць перад краінай і народам. "Мы жыццё павінны аддаць. Наша жыццё нішто ў параўнанні з тым, што мы павінны зрабіць для краіны і для людзей", - падкрэсліў беларускі лідар.

Назначэнне ў Гродзенскую вобласць нельга назваць нечаканым - новым старшынёй аблвыканкама назначаны Юрый Караеў, які амаль 5 гадоў прапрацаваў у рэгіёне на пасадзе памочніка Прэзідэнта, а ў апошнія некалькі тыдняў і ўвогуле быў назначаны выконваючым абавязкі кіраўніка вобласці. Тым не менш выклікала сумненне, ці не перашкодзіць назначэнню выключна ваеннае мінулае. Аказалася, што не. І для Аляксандра Лукашэнкі ў ходзе прыняцця рашэння гэта было нават плюсам, улічваючы, якая напружаная абстаноўка на заходніх рубяжах краіны.
"Парадак і дысцыпліну вы трымайце там, вы ведаеце, што без дысцыпліны і парадку, без тэхналагічнай дысцыпліны мы наўрад ці нешта ў Гродзенскай вобласці зможам зрабіць, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Як складзецца ваша праца ў Гродзенскай вобласці, паглядзім. Але я ведаю вас як чалавека стараннага і дысцыплінаванага. Калі трэба - значыць, трэба, гэта павінна быць зроблена. І вы гэта можаце зрабіць".

А з аграрнай сферай новаму кіраўніку ёсць каму дапамагчы і падказаць, пачынаючы ад яго першага намесніка Юрыя Валяватага, які з'яўляецца прызнаным экспертам у аграноміі. Іншая справа, што некаторыя паказчыкі і ў перадавой Гродзенскай вобласці варта было б падцягнуць, аб чым адкрыта сказаў пры назначэнні Прэзідэнт: "Я, вядома, разумею, што ўзровень вашай сельскай гаспадаркі ў рэгіёне вельмі высокі і дабаўляць да гэтага складаней, чым у іншых абласцях. Але паказчыкі трэба выконваць. Вы як чалавек ваенны лепш за ўсіх гэта разумееце".

Узначаліць Мінскую вобласць Аляксандр Лукашэнка вельмі нечакана даверыў цяпер ужо экс-міністру энергетыкі Аляксею Кушнарэнку, уся прафесійная кар'ера якога да гэтага была звязана выключна з гэтай сферай. Аднак Прэзідэнт упэўнены, што ў новага кіраўніка рэгіёна ўсё павінна атрымацца, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы. Дарэчы, пэўны кіраўніцкі вопыт тут у Кушнарэнкі ёсць, паколькі ў сістэму Мінэнерга ўваходзяць 15 сельскагаспадарчых філіялаў і сярэднія паказчыкі па годзе там такія, што дай бог кожнаму рэгіёну.
Таму цяпер на надоі Мінэнерга давядзецца раўняцца ўжо ў рамках усёй Мінскай вобласці. "Вось у Мінскай вобласці калі ты гэта выдасі - усё, больш нічога не трэба. Менавіта такі павінен быць узровень вытворчасці, як у гэтых 15 тваіх гаспадарках, - даў наказ кіраўнік дзяржавы. - Калі ў цябе ў Мінскай вобласці будуць усе гаспадаркі, як "Газавік-Сіпакова", мне больш ад цябе нічога не патрэбна. Трэба, каб былі такія гаспадаркі".

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што Аляксей Кушнарэнка ў цэлым не далёкі ад сельскай гаспадаркі: "Я па вачах заўважыў. З таго часу я прыглядаюся да тваёй працы і падумаў аб тым, што вось гэтыя простыя вясковыя рабацягі - гэта якраз табе будзе па душы".

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што ў Мінскай вобласці можа быць запатрабаваны вопыт перадачы сельгаспрадпрыемстваў у веданне буйных прадпрыемстваў, як у выпадку з энергетыкамі. Бо той жа "Газавік-Сіпакова" працуе добра не дзякуючы датацыям, а выйшла на самаакупнасць.

Што датычыцца Мінэнерга, то цяпер міністэрства ў руках Дзяніса Мароза, які да гэтага працаваў у тым жа ведамстве, але на пасадзе намесніка міністра. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галіна вельмі сур'ёзная і трэба пастарацца не знізіць планку. "Улічваючы, што віцэ-прэм'ер у нас яшчэ энергетык (Віктар Каранкевіч, які і сам раней узначальваў Мінэнерга. - Заўвага БЕЛТА), думаю, што галіна не ўпадзе. Хоць мы ўклаліся значна ў энергетыку", - адзначыў беларускі лідар.

АРЫЕНТАВАЦЦА НА СВАЁ. Чаму Беларусі і Расіі важна разлічваць толькі на ўласныя магчымасці

У аўторак, 1 красавіка, Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з губернатарам Пензенскай вобласці Расіі Алегам Мельнічэнкам.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што магчымасці і рэзервы для развіцця супрацоўніцтва ў абодвух бакоў яшчэ немалыя. "Гэтыя рэзервы трэба рэалізоўваць цяпер з прычыны той існуючай сітуацыі, якую мы назіраем, - заўважыў ён. - Але, павінен вам сказаць, ці тое яшчэ будзе. Усё не так проста і не так лагодна, як, можа, некаму здавалася гэта".

"Чарговы раз трэба сказаць, што ўсё будзе залежаць ад нас. Трэба арыентавацца толькі на свае магчымасці. А калі нешта прыбудзе звонку, мы будзем толькі рады. Але ўжо з галавой павінны падыходзіць да таго, што нам прапануюць (за мяжой. - Заўвага БЕЛТА). Таму што мы ўжо наеліся гэтай беганіны: "Ах, там якасць, інвестыцыі і гэтай далей". Цяпер грошы ўкралі, арыштавалі і ў Расіі, і ў нас. Дзе тыя інвестары і дзе тая якасць, на якія мы маліліся? Урок атрымалі салідны. Трэба арыентавацца на сваё. Мы здольныя многае зрабіць", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.
Сімвалічна, што сустрэча прайшла напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Але самае галоўнае свята, адзначыў Прэзідэнт, - гэта 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. "Для нас вельмі важна, каб дзеці і ўнукі памяталі гэту дату, і на гэтых вялікіх датах, падзеях мы выхоўваем новае пакаленне", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца практычнага боку супрацоўніцтва з Пензенскай вобласцю, тут Прэзідэнт адзначыў поспехі бакоў па нарошчванні гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. Акцэнт робіцца на прамысловай кааперацыі як з Расіяй у цэлым, так і Пензенскай вобласцю ў прыватнасці.

Так, Аляксандр Лукашэнка згадаў пра супрацоўніцтва двух буйных машынабудаўнічых прадпрыемстваў - беларускага МАЗа і расійскага завода ГРАЗ, размешчанага ў Пензенскай вобласці. Наладжана і развіваецца таксама ўзаемадзеянне "Магілёўліфтмаша" з суб'ектамі гаспадарання расійскага рэгіёна, якія займаюцца вытворчасцю матораў і рухавікоў. Беларусь таксама зацікаўлена ў пастаўках пасажырскай тэхнікі на рынак расійскага рэгіёна і гатова нарошчваць аб'ёмы.

Перспектыўным напрамкам Аляксандр Лукашэнка назваў супрацоўніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. "Мы можам прадставіць увесь набор тэхнікі для таго, каб вы маглі эфектыўна працаваць у гэтай сферы", - адзначыў ён. Акрамя таго, узгадвалася аб магчымасцях па далейшым развіцці патэнцыялу ўзаемадзеяння ў такіх традыцыйных галінах, як сельская гаспадарка, у прыватнасці аб павелічэнні экспарту беларускіх харчовых тавараў.

У сваю чаргу Алег Мельнічэнка, акрамя паставак разнастайнай беларускай тэхнікі, выказаў інтарэс да закупкі ў Беларусі амінакіслаты лізін, якая неабходна для вытворчасці камбікармоў у птушкагадоўлі. Пензенская вобласць - буйны вытворца мяса індычкі.
А яшчэ ў гэтым расійскім рэгіёне вырабляюць шмат цукру, і патрэбна спецыялізаваная сельскагаспадарчая тэхніка, паколькі ўся наяўная - замежнай вытворчасці. У гэтым плане ёсць вялікі патэнцыял для работы з Беларуссю.

Прагучала таксама прапанова аб супрацоўніцтве ў сферы медыцынскіх тэхналогій. Размова аб клапанах сэрца, інструментах для малаінвазіўных аперацый, шовных матэрыялах, якія вырабляюцца ў расійскім рэгіёне.

Важна адзначыць, што дэлегацыя расійскага рэгіёна прыехала ў Беларусь на цэлы тыдзень. З 1 па 7 красавіка ў ў Мінску, Магілёве і Брэсце праходзяць Дні Пензенскай вобласці, якія ўключаюць у сябе вялікую культурную праграму, прэзентацыю прадукцыі і магчымасцей для развіцця супрацоўніцтва. А ўлічваючы маючую адбыцца гадавіну Перамогі, расіяне прывезлі яшчэ і сумесна зняты фільм "Загадана жыць!", у якім расказваецца пра дзейнасць партызан на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. "Фільм цікавы, захапляльны, хоць гэта рабілі непрафесійныя акцёры. Фільм з душы народа. Гэта наша сумесная Перамога - тое, што нас непарыўна звязвае адзін з адным. Мне здаецца, гэта галоўнае свята ў календары падзей", - адзначыў губернатар.

ДЗЕВЯЦЬ СФЕР. Як ацэньваецца стан нацыянальнай бяспекі Беларусі

Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка сабраў пасяджэнне Савета бяспекі, на разгляд якога быў вынесены даклад аб стане нацыянальнай бяспекі па выніках 2024 года, а таксама мерах па яе ўмацаванні. Раней парадак ацэнкі быў скарэкціраваны, што знайшло адлюстраванне ў адпаведным указе. З улікам дынамікі абстаноўкі, зацверджаных прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця ўдакладнены былі і індыкатары, іх парогавыя значэнні, суб'екты гэтага працэсу і іншыя пытанні.

Такім чынам, упершыню ў фармаце пасяджэння Савета бяспекі была прадметна разгледжана абстаноўка ў кожнай з дзевяці сфер нацыянальнай бяспекі (палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхналагічнай, сацыяльнай, дэмаграфічнай, біялагічнай, інфармацыйнай, ваеннай, экалагічнай). Закладзена новая практыка штогадовага зацвярджэння на такім высокім калегіяльным узроўні вынікаў ацэнкі стану нацыянальнай бяспекі.

"Названыя пытанні ў поўным аб'ёме змешчаны ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, якая была зацверджана рашэннем Усебеларускага народнага сходу", - адзначыў Прэзідэнт. Гэта важнейшы дакумент стратэгічнага планавання, ён закранае асноўныя інтарэсы людзей, іх жыццёвыя прыярытэты. У першую чаргу - гарантыі міру і бяспекі.
Удзельнікамі пасяджэння сталі члены Савета бяспекі, запрошаныя службовыя асобы, якія ў рамках сваёй кампетэнцыі непасрэдна адказваюць за канкрэтныя сферы нацыянальнай бяспекі, праводзяць маніторынг дынамікі па кожным індыкатары.

"З дакладам я азнаёміўся. Комплексны дакумент, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Усе пытанні мы павінны абавязкова ўлічыць пры падрыхтоўцы Паслання Прэзідэнта Беларусі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу".

Большая частка пасяджэння па зразумелых прычынах праходзіла ў закрытым фармаце. Па выніках дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў журналістам, што стан нацыянальнай бяспекі ацэньваецца станоўча, "але ёсць фактары, якія стаяць над намі". "Вядома ж, ёсць моманты, ёсць некаторыя напрамкі, якія не зусім залежаць ад дзейнасці Прэзідэнта нашай краіны, ад кіраўніцтва і членаў Савета бяспекі. Ёсць фактары, якія стаяць над намі. Перш за ўсё напружвае знешнепалітычная абстаноўка з тэндэнцыямі да абвастрэння, - сказаў ён. - На фінансавыя пытанні, вядома ж, уплыў аказваюць санкцыі, якія накіраваны супраць нашай эканомікі. Але яна ўстойліва развіваецца, ідзе наперад. Забяспечана самае галоўнае - макраэканамічная збалансаванасць. Тэмпы росту эканомікі вышэйшыя за агульнасусветныя. Сітуацыя на валютным і дэпазітным рынку таксама стабільная. У краіне зроблена шмат, але запатрабаванне Прэзідэнта - самазаспакойвацца не трэба".
Дзяржсакратар у ваенным плане звярнуў увагу на тое, што адбываецца паблізу беларускіх граніц на заходнім напрамку, мілітарызацыю ў суседзяў і разгортванне новых часцей, у тым ліку ў раёне Сувалкскага калідора. Усё гэта апраўдваюць выдуманай пагрозай з Усходу. У той жа час у Беларусі не робяць стаўку на павелічэнне ваенных бюджэтаў або колькасці вучэнняў. Галоўнае - гэта якасць падрыхтоўкі ваеннаслужачых, аператыўнае абсталяванне тэрыторыі ў інжынерных адносінах.

Па кожнай сферы нацыянальнай бяспекі адказным асобам і ведамствам былі дадзены канкрэтныя даручэнні. "Усё павінна быць накіравана на стварэнне яшчэ лепшых умоў для жыцця і працы нашых грамадзян. Але і ад грамадзян таксама павінна быць аддача. Гарантыі дзяржава прадастаўляе, але грамадзяне павінны працаваць і даваць вынік на карысць нашай краіны", - заўважыў Аляксандр Вальфовіч.

РАНІЦАЙ - РЭЗУЛЬТАТ, ВЕЧАРАМ - ГРОШЫ. Калі сістэма падтрымкі ў спорце пачне працаваць у новым фармаце

Прэзідэнт 4 красавіка сабраў нараду па пытанні аказання падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту. У першую чаргу размова ішла аб гульнявых відах спорту, якія ўжо на працягу некалькіх алімпійскіх цыклаў не радуюць балельшчыкаў якімі-небудзь прыкметнымі вынікамі. А ўзровень фінансавання, у тым ліку дзяржаўнай падтрымкі, зарплат у асобных клубах і федэрацыях, мякка кажучы, не маленькі.

Пэўныя сістэма і парадак у гэтай сферы былі выпрацаваны яшчэ больш за дзесяцігоддзе таму. Настаў час падкарэкціраваць нормы з улікам назапашанага вопыту, адкінуўшы ўсё непатрэбнае.

Дзяржава грошай на спартыўную сферу ніколі не шкадавала - інфраструктура (сотні вялікіх і малых спартыўных аб'ектаў па ўсёй краіне), прэферэнцыі, падтрымка дзіцяча-юнацкага спорту. Але галоўнае, чаго заўсёды патрабуе Аляксандр Лукашэнка, - належная аддача ад укладанняў. А яна, на жаль, ёсць не ўсюды і не заўсёды.

"Праблемы гульнявых відаў спорту мы абмяркоўвалі неаднаразова, але сітуацыя асабліва не мяняецца і пытанняў застаецца вельмі шмат. Патрэбна аддача ад тых сродкаў, якія ўкладваюцца ў спорт, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - Падыход непахісны: даяце рэзультат - атрымліваеце грошы, і перш за ўсё дастойную заработную плату. Няма рэзультату - няма грошай. Вось галоўная формула. Як хочаце мяне разумейце".
Прэзідэнт таксама заявіў аб гатоўнасці абмяркоўваць нераўнамернасць укладанняў у асобныя віды спорту. "Многія кажуць: усё ў хакей ідзе або ў футбол, а нам - не. Над гэтым таксама трэба падумаць. І трэба разумець, што тыя грошы, якія мы трацім або вы траціце на спорт, - гэта не мае і не вашы грошы. Гэта народныя грошы. І ў народа ёсць пытанні: калі нашы каманды перастануць калекцыяніраваць паражэнні, а пачнуць радаваць балельшчыкаў яркай гульнёй і галоўнае - перамогамі?" - заўважыў беларускі лідар.

Асобныя пробліскі, вядома, здараюцца. Так, нядаўна беларусаў парадавалі хакеісты: 3 красавіка мінскае "Дынама" абыграла ЦСКА ў чарговым матчы плэй-оф КХЛ. Аднак гэта, хутчэй, выключэнне з правіл, і радавацца пакуль яшчэ рана, лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць падрыхтоўкі рэзерву, аб чым трэба думаць пастаянна. А задача Мінспорту - забяспечыць належнае ўтрыманне спартыўных аб'ектаў, якія каштуюць мільярды рублёў. Як бы ні было складана з улікам санкцый, праводзіць там спаборніцтвы. "А арганізацыя і рэзультат - гэта ўжо федэрацыі разам з усімі астатнімі, у тым ліку і Міністэрствам спорту", - размеркаваў задачы кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца спартыўных перамог, то тут крытэрый эфектыўнасці просты, аб якім Аляксандр Лукашэнка гаварыў і раней: "Выйграйце ў расіян па тых відах спорту, дзе вы пад санкцыямі. І нават не пад санкцыямі. Нічога больш не трэба".

Гаворачы пра расходаванне сродкаў, якія накіроўваюцца клубам і федэрацыям, кіраўнік дзяржавы ўсіх па-мужчынску папярэдзіў: "Не праблема сёння паглядзець, куды ідуць гэтыя грошы. Родных, блізкіх, палюбоўніц, яшчэ некага вы, калі ласка, утрымлівайце за свае грошы. За свае грошы. Зарабляйце, дзе хочаце, і іх утрымлівайце. Гэта будзе па-чалавечы, па-мужчынску правільна. Думаю, вы зробіце адпаведныя высновы з таго, што я сказаў".

"Спорт у нашай краіне атрымліваў і будзе атрымліваць неабходную падтрымку, але кожны ўкладзены рубель, няхай іх нават няшмат, павінен быць апраўданы і даваць аддачу. Вось маё патрабаванне. Не будзе гэтага - не будзе грошай. Я хачу, каб прэм'ер чуў і міністр фінансаў: не будзе ніякіх грошай, калі не будзе прагрэсу. Таму рубель уклалі ў спорт - аддача павінна быць", - яшчэ раз абазначыў сваё жалезнае запатрабаванне беларускі лідар.
Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук прадставіў прапановы аб тым, як удасканаліць дзеючую цяпер сістэму. Яны датычыліся пытанняў размеркавання падатковай падтрымкі і субсідый, сродкаў, што атрымліваюцца ад дзяржарганізацый, удасканалення сістэмы аплаты працы ў клубах, стварэння агульнакаманднага прызавога фонду, забеспячэння ўмоў для клубаў і федэрацый, каб яны маглі зарабляць уласныя сродкі, у тым ліку за кошт прадпрымальніцкай дзейнасці. Прапанавана захаваць абавязак клубаў накіроўваць на дзіцяча-юнацкі спорт частку сродкаў ад усіх атрыманых даходаў, за выключэннем субсідый.

"Усе нашы падыходы падтрыманы, - расказаў міністр па выніках нарады. - Мы плануем указ распрацаваць да 1 ліпеня. Сам ён ужо ёсць у чарнавым варыянце, праект ёсць і дадаткі да яго. Пакетным прынцыпам унесці і з 1 студзеня 2026 года, калі пачнецца новы фінансавы год, па новых ужо прынцыпах працаваць".

ПЕРАГАВОРНЫ ПЛАН. Які наказ Лукашэнка даў прэм'ер-міністру перад яго візітам у Расію

Прэзідэнт 4 красавіка таксама прыняў з дакладам прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына, які гэтымі днямі на чале ўрадавай дэлегацыі зробіць афіцыйны візіт у Расію.

Стаіць задача на практыцы рэалізоўваць тыя дамоўленасці, якія дасягнуты на вышэйшым узроўні, у тым ліку ў ходзе нядаўняга афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі. "Каранкевіч (намеснік прэм'ер-міністра Віктар Каранкевіч. - Заўвага БЕЛТА) прысутнічаў на перагаворах. Ён быў галоўнай асобай ад урада, выкладаў падыходы, пытанні ставіў, якія трэба было б вырашыць з Расіяй. Трэба аддаць належнае, Прэзідэнт Пуцін падтрымаў нас па ўсіх пытаннях, пачынаючы з фінансавых і заканчваючы цэнаўтварэннем на нафту і гэтак далей. Размова ішла аб тым, каб мы адрэгулявалі цану па пастаўках расійскай нафты, каб нашы прадпрыемствы працавалі. Не трэба там шалёная рэнтабельнасць. 7-8 працэнтаў і гэтак далей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, Уладзімір Пуцін ужо даў адпаведныя даручэнні кіраўніку кампаніі "Раснафта" Ігару Сечыну. 

"Я гэта гавару да таго, што ўсе гэтыя пытанні вядомы. Яны былі падтрыманы на перагаворах. І ў час візіту трэба папрасіць ва ўрада Расіі, каб гэтыя пытанні былі вырашаны канчаткова, таму што там былі даручэнні ўраду Расіі зрабіць то-та, то-та, то-та, каб яны былі вырашаны", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 
"І шэраг стратэгічных пытанняў, па якіх прымалася рашэнне. Трэба паглядзець, як мы выконваем. Калі ёсць нейкія недахопы з нашага ці расійскага боку, каб гэта было адзначана. Нешта мы разгледзім на Вышэйшым дзяржсавеце Саюзнай дзяржавы, калі гэта трэба. Але лепш гэта вырашыць на ўзроўні двух урадаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму вось гэта пытанне расійскае, якое будзе вельмі важным у ходзе гэтага візіту, трэба вырашыць, не зацягваючы і не адкладаючы на доўгі час. Таму што рашэнні ўсе прыняты, але ў нас часта бывае "адклалі, заўтра вырашым". Ужо часу няма, каб іх адкладаць".

Аляксандр Турчын у сваю чаргу праінфармаваў Прэзідэнта аб праведзенай тэлефоннай размове з расійскім калегам Міхаілам Мішусціным: "Дзякуй расійскім калегам, даволі прадстаўнічая каманда з боку расійскага ўрада будзе. Мы павінны абмеркаваць усе ключавыя пытанні ўзаемаадносін, напрамкі. Думаю, што разуменне ёсць. Дзякуй, што падтрымалі нашу каманду перагаворшчыкаў, усе сур'ёзна паглыблены, тэмы зразумелыя, вядомыя".

Пасля даклада кіраўніку дзяржавы, адказваючы на ​​пытанне БЕЛТА, Аляксандр Турчын не выключыў, што ў перагаворным парадку дня будзе і пытанне новага расійскага крэдыту на рэалізацыю сумесных інавацыйных імпартазамяшчальных праектаў. Папярэднія 105 млрд расійскіх рублёў, якія выдзяляліся на гэтыя мэты ў 2022 годзе, былі паспяхова асвоены.-0-