25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нормы, што змешчаны ў праекце абноўленай Канстытуцыі Беларусі, які абмяркоўваецца, з'яўляюцца далейшым крокам па шляху развіцця народаўладдзя. Аб гэтым журналістам заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Сергяенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Лічу, што ўдалося знайсці пэўны баланс. Гэта далейшы крок па шляху развіцця народаўладдзя ў нашай краіне", - падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі.
Ён асабліва адзначыў, што многія артыкулы сацыяльнага блока атрымалі далейшае развіццё. "Дзяржава ні ў якім разе не адыходзіць ад сацыяльнай арыентаванасці ў сваёй дзейнасці. Атрымалі развіццё многія сацыяльныя артыкулы, але разам з тым уводзіцца і сацыяльная адказнасць грамадзян перад грамадствам і дзяржавай за свае дзеянні і ўчынкі. Гэта натуральна. Гэта працэс двухбаковы", - сказаў Ігар Сергяенка.
Кіраўнік Адміністрацыі адзначыў, што ў праекце далейшае развіццё атрымалі дзяржаўныя інстытуты - парламент, урад, пытанні, якія датычацца паўнамоцтваў Прэзідэнта. "І адпаведна новая глава, сёння гэтаму было прысвечана даволі шмат увагі, - гэта Усебеларускі народны сход - вышэйшы прадстаўнічы орган. Гэта далейшае развіццё народаўладдзя", - расказаў ён.
Паводле слоў Ігара Сергяенкі, пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі, якое прайшло ў Прэзідэнта, паказала, што ў цэлым падрыхтаваны для абмеркавання праект адобраны. "Пра гэта сёння гаварылі многія выступаючыя, каменціравалі тыя ці іншыя артыкулы, раздзелы Канстытуцыі. Прагучалі сумненні ў дакладнасці карэкціровак па асобных канкрэтных артыкулах. У прыватнасці, па парадку выбрання дэлегатамі УНС былі выказаны ўдакладняючыя меркаванні, па іншых асобных артыкулах, - адзначыў кіраўнік Адміністрацыі. - Працэс творчы. Але ў любым выпадку мы практычна ўжо выйшлі на фінішную прамую і пастараемся максімальна яе скараціць".
БЕЛТА