23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Кітай падпісалі важкі пакет дакументаў, які раскрывае патэнцыял супрацоўніцтва ў гандлі, сферы інвестыцый, у развіцці і паглыбленні прамысловай кааперацыі, навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння. Падпісанне адбылося ў рамках візіту ў Беларусь прэм'ера Дзяржаўнага савета КНР Лі Цяна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Так, Беларусь і Кітай падпісалі міжурадавае пагадненне аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый, якое прадугледжвае стварэнне зоны свабоднага гандлю паслугамі паміж дзвюма краінамі, транспарэнтнага, ліберальнага і спрыяльнага рэжыму для прыцягнення інвестыцый.
Дадзены старт Году супрацоўніцтва Беларусі і КНР у галіне навукі, тэхналогій і інавацый, а таксама стварэнню пяці цэнтраў, у тым ліку па развіцці традыцыйнай кітайскай медыцыны, супрацоўніцтву ў галіне геалагічных навук, трансферту тэхналогій дзяржаў - членаў ШАС, а таксама філіяла НАН Беларусі ў КНР.
Дадзены старт і пяці прамысловым праектам на суму каля $1 млрд. У стадыі сумеснага ўзгаднення 12 прамысловых праектаў на суму $2 млрд.
Падпісаны два планы паглыбленага супрацоўніцтва паміж Мінскай вобласцю і горадам Чунцын, Магілёўскай вобласцю і правінцыяй Шэньсі. У план супрацоўніцтва з Чунцынам уключаны наступныя праекты: вытворчасць рэагентаў і абсталявання для дыягностыкі, беспілотных лятальных апаратаў, аўтамабільных сядзенняў, прэпаратаў традыцыйнай кітайскай медыцыны, зборкі прамысловых робатаў, комплексная лагістыка. Другім дакументам вызначаны асноўныя напрамкі развіцця супрацоўніцтва з правінцыяй Шэньсі да 2026 года, у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах, адукацыі і культуры.
У рамках сустрэчы падтрыманы яшчэ сем аналагічных паглыбленых планаў сумеснага развіцця правінцый КНР і абласцей Беларусі.Таксама падпісаны дагавор аб сумеснай вытворчасці і выкарыстанні фільма "На векі вечныя" - першы ў гісторыі беларуска-кітайскі дагавор аб сумеснай кінавытворчасці.Заключаны і мемарандум аб супрацоўніцтве з Кітайскай міжнароднай медыякарпарацыяй аб стварэнні Цэнтра кітайскіх кніг у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Сярод іншых дакументаў - мемарандум аб узаемаразуменні па супрацоўніцтве ў галіне зялёнага і нізкавугляроднага развіцця паміж Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і Дзяржаўным камітэтам па развіцці і рэформах КНР.-0-
Фота Сяргея Шэлега